Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Рагачова аднаўляюць святыню |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
25.06.2010 12:38 |
Рыма-каталіцкая парафія Cвятога Антонія ў Рагачове пакуль нешматлікая. Магчыма, адной з прычын гэтага з’яўляецца адсутнасць касцёла ў райцэнтры. Мясцовая святыня, асвечаная 6 жніўня 1912 года, была зачынена савецкімі ўладамі. Цяпер намаганнямі вернікаў вядзецца праца па яе аднаўленні. «Цяпер святая Імша адбываецца ў невялічкай капліцы, — распавядае пробашч кс. Андрэй Шут. — У нядзелю ў сярэднім прыходзіць каля 20 чалавек, але ўсіх, хто так бы мовіць „зарэгістрыраваўся“ ў парафіі, каля сарака чалавек». Па словах святара, на сённяшні дзень пераважная большасць парафіянаў — гэта людзі сталага ўзросту, але паступова ў святыню пачынаюць прыходзіць і маладыя людзі. Як вядома, для парафіі важна аднаўленне не толькі будынка касцёла, але перш за ўсё духоўнага жыцця вернікаў. Аднаўленне святыні распачалося ў пачатку бягучага стагоддзя. Потым, на жаль, быў вялікі перапынак у працы, падчас якога нават адноўленыя сцены пачалі разбурацца з-за адсутнасці даху. Галоўнай праблемай і надалей застаецца пошук сродкаў. Фінансаванне будоўлі — гэта выключна ахвяраванні вернікаў, а саму будаўнічую працу выконваюць валанцёры ў асноўным з іншых парафій, нават з Віцебскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі выказвае жаданне аднавіць касцёл да 100–годдзя яго будаўніцтва — да жніўня 2012 г. Больш падрабязна пра ход аднаўлення святыні можна даведацца на сайце гомельскай парафіі.
Фота gomel.catholic.by
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.