Сустрэча моладзі ў Перадзельску: выбар жыццёвага шляху |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
14.09.2010 12:05 |
11 верасня 2010 г. у Перадзельску адбылася сустрэча моладзі, прысвечаная тэме «Выбар жыццёвага шляху». 65 маладых людзей з розных мястэчак Пінскай дыяцэзіі — Брэста, Шарашова, Бярозы, Жабінкі, Пружан, Ішкалдзі — з’ядналіся на супольнай малітве. Канферэнцыя, якую прамовіў прэфект пінскай духоўнай семінарыі кс. Аляксей Раманчук, гамілія кс. Яцэка Дубіцкага, праца ў групах і духоўныя размовы дапамаглі кожнаму з прысутных зрабіць для сябе пэўныя высновы: трэба прасіць Бога аб распазнанні свайго паклікання; трэба любіць тое, што выбіраеш; трэба рабіць адпаведныя крокі, каб пазнаць тое, што хочаш выбраць; выбар чалавека не можа супярэчыць Божым запаведзям. Таксама разглядаліся прычыны, якія супярэчаць жыццёваму выбару чалавека. Вельмі часта імі з’яўляюцца неканкрэтна пастаўленная мэта, няўпэўненасць у сабе, мары бацькоў адносна будучыні сваіх дзяцей. Праграма сустрэчы ўключала прагляд тэматычнага фільма, пасля чаго удзельнікі мелі магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі. Напрыканцы дня моладзь удзельнічала ў набажэнстве Божага слова. Завяршыла сустрэчу вячэра і хрысціянскія танцы каля вогнішча. Перад ад’ездам усе зноў сабраліся ў капліцы на малітву падзякі. Кожны атрымаў благаслаўленне не толькі на дарогу дамоў, але і на выбар свойго жыццёвага шляху. Некаторыя з удзельнікаў сустрэчы падзяліліся сваімі ўражаннямі аб перажытым дні. «Я заўсёды цешуся з такіх сустрэч і вельмі рады, што кожны раз да нас далучаюцца новыя людзі, якія дзеляцца сваімі меркаваннямі і жыццёвымі гісторыямі», — падзяліўся арганізатар сустрэчы кс. Яцэк Дубіцкі. Сваё ўражанне аб сустрэчы выказала і с. Ядвіга, якая не толькі прыняла ўдзел ў арганізацыі сустрэчы, але і была адказная за кухню: «Было шмат маладых людзей, якія адчувалі сябе адзіным цэлым, адной сям’ёй». Русць Даша і Злобіна Вікторыя, удзельніцы сустрэчы, назвалі дадзеную сустрэчу «вялікім духоўным узбагачэннем». «Для нас гэта светлы дзянёк сярод шэрай паўсядзённасці. Мы пазнаёміліся з многімі людзьмі, пачулі вельмі цікавую канферэнцыю, патанцавалі і нават падсмажылі кілбаскі на вогнішчы. Мы адчулі сябе адзіным цэлым. Маем надзею, што ў хуткім часе ізноў адбудзецца такая сустрэча», — дадалі дзяўчаты. «Дзякую Пану Богу за чарговую магчымасць карысна правесці час з моладзю. Мне прыемна было знаходзіцца сярод людзей, якія ўмеюць маліцца, могуць падзяліцца сваім жыццёвым досведам у пазнанні Бога і весела адпачыць», — адзначыў будучы душпастыр дыякан Валянцін. Дк. Валянцін Ляўковіч, Альховік Вікторыя |
Фотарэпартаж |