| 
					У Пінску хочуць стварыць музей кардынала Казіміра Свёнтка			 | 
				
		
					
	| 
								
													Беларусь - Пінская дыяцэзія												
					 | 
	| 
		30.08.2013 11:49	 | 
| 
  Сярод вернікаў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску нарадзілася ідэя стварыць музей кардынала Казіміра Свёнтка. Пакуль не вырашана, дзе змогуць размясціцца экспанаты: у касцёле, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага або ў іншым месцы. 
Як паведамляе media-polesye.by, патрэба стварэння музея — не толькі ва ўвекавечванні памяці іерарха, а ў першую чаргу ў захаванні артэфактаў, звязаных з кардыналам. Рэчаў спачылага засталося шмат, але іх трэба сабраць і захоўваць у адным месцы. Па словах парафіян, якія асабіста ведалі іерарха, некаторыя прадметы ўжо згублены або знаходзяцца пад такой пагрозай.
  Жывыя яшчэ і тыя жыхары Пінска, якія дапамагалі кардыналу пасля вызвалення з лагераў y 1954 г. Гэта людзі, якія былі з ім на працягу паловы стагоддзя, сумесна пераадольвалі цяжкасці і памятаюць іерарха ў розных жыццёвых сітуацыях. Гэтыя вернікі могуць даць парады па афармленні музея, экспазіцыі і падзяліцца ўспамінамі.
  Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 г. Пахаванне адбылося 25 ліпеня 2011 г. у Пінску. Святую Імшу на пляцы каля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Напрыканцы Імшы труна з парэшткамі спачылага была апушчана ў мармуровы саркафаг у пахавальнай крыпце пінскай катэдры. (AG) 
  
 |