Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Дзям’янка ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ў Русіно: давяраць Езусу, ідучы праз жыццё
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.11.2013 17:57

24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу ў парафіі Хрыста Валадара ў Русіно (Баранавіцкі заходні дэканат). У гэты дзень у Касцёле адзначалася завяршэнне Года веры.

Кажучы пра ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, іерарх у гаміліі заўважыў: «Ахвотна сучасны чалавек прымае панаванне караля, які абвяшчае рэлігію спажывальніцтва і прыемнасцяў без абмежаванняў. Але мы верым, што толькі Езус з’яўляецца Панам будучыні. Прайшоўшы праз смерць, Ён мае ключы ад краіны смерці. Толькі Ён можа адчыніць альбо зачыніць перад людзьмі брамы жыцця». Таму, дадаў біскуп, «мы давяраем Яму, ідучы праз жыццё».

Нагадваючы пра важнасць таго, каб перадаваць веру іншым людзям, пінскі ардынарый узгадаў, што Апосталы таксама «запрашалі на сустрэчу іншых – Бог не стварыў нас дзеля таго, каб мы былі адны, але каб Яго спаткалі і адкрываліся на іншых». «Бог заўсёды першым выходзіць нам насустрач. Якім нястомным шукальнікам з’яўляецца наш Айцец, — падкрэсліў біскуп. — Ён ніколі ад нас не аддаляецца. Бог вельмі доўга можа чакаць спаткання з намі. І ў гэтым Ён цярплівы, нават тады, калі чалавек Яму здраджвае і ўцякае».

«Папа Францішак сказаў, што вера – гэта вандроўка з Езусам праз усё жыццё. Відавочна, у некаторыя моманты мы чуем стому і згубленасць. Вера, аднак, дае нам упэўненасць у пастаяннай прысутнасці Езуса ў кожнай сітуацыі, нават у найбольш цяжкай і незразумелай, — заўважыў іерарх. — Мы пакліканы ўсё глыбей уваходзіць у таямніцу любові Бога, які над намі мае сваю апеку і дазваляе нам жыць у спакоі і надзеі».

Біскуп нагадаў пра шматлікія ініцыятывы Года веры ў Касцёле, сярод якіх Сінод Біскупаў на тэму “Новая евангелізацыя для перадачы веры”, святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў, перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, рэліквій св. Тэрэзы з Лізьё па парафіях Беларусі, Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, VII міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў у Будслаў, агульнабеларуская сустрэча святароў, пілігрымкі да святых месцаў, канферэнцыі, сімпозіумы, якія «галоўнай мэтай ставілі адраджэнне веры і яе ўмацаванне». Таксама ў Год веры былі адноўлены крыжы пры дарогах, каплічкі, святыні, а некаторыя супольнасці прынялі абавязак збудаваць святыні, бо дагэтуль іх не мелі альбо месцы культу там былі прыстасаваны ў бытавых памяшканнях. «Няхай духоўны ўздым надалей спадарожнічае вам у дарозе да святасці», — пажадаў біскуп.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.