Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Велікаселец на завяршэнне Года веры: розум, сэрца, прырода і ўвесь свет кажуць, што Бог ёсць, што Ён Валадар Сусвету
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.11.2013 12:20

24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, беларускія католікі разам з усім Паўсюдным Касцёлам завяршылі Год веры, які быў абвешчаны Бэнэдыктам XVI. Яго завяршэнне адзначылі і ў гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Як і ва ўсіх парафіях, у гомельскім касцёле з нагоды завяршэння Года веры запалілі пасхал як бачны знак пачатку веры — сімвал Уваскрослага Хрыста і напамін пра сакрамэнт хросту. Вернікі запалілі ад пасхалу свае свечкі падчас урачыстага вызнання веры.

«Бог стварыў гэты свет і кіруе ім, а мы Ягоныя дзеці - дзеці Валадара, — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, біскуп Казімір Велікаселец. — І гэта не казка, не нейкая гіпотэза, а рэальнасць. Вера - гэта прымаць тое, чаго мы не бачым. І наш розум, сэрца, прырода і ўвесь свет кажуць аб тым, што Бог ёсць, што Ён Валадар Сусвету».

Па словах іерарха, недастаткова проста называць Хрыста сваім Валадаром - патрэбна адкрыць для Яго сваё сэрца і запрасіць Езуса ўвайсці, а каб сведчыць аб Божым Валадарстве, неабходна прыняць крыж сваіх штодзённых абавязкаў, які бывае вельмі цяжкім, так што, несучы яго, не адзін раз можна спатыкнуцца і ўпасці. Але, дадаў біскуп, Хрыстус не пакідае нас адных — працягвае руку, каб дапамагчы праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі.

Таксама пасля галоўнай святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і акт прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта Нараджэння Божай Маці

(AG)


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.