1 снежня ў парафіі Святых Пятра і Паўла Апосталаў у Мядзведзічах біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу з нагоды 22-годдзя смерці кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага. Нагодай да сустрэчы іерарха з парафіянамі паслужылі таксама пачатак Адвэнту і новага літургічнага года, заканчэнне рэстаўрацыйных прац фасада і вежы касцёла, збудаванага вернікамі ў 1908 годзе, і імяніны пробашча, якія ён адзначаў ва ўспамін св. Андрэя Апостала 30 лістапада.
Біскуп падзякаваў пробашчу кс. Андрэю Шоду і вернікам за вялікія матэрыяльныя высілкі, зробленыя ў Год веры дзеля аднаўлення фасада святыні. Спецыяльная брыгада рэстаўратараў на працягу ўсяго летня- асенняга перыяду вяртала прыгажосць вежы. Аднаўляючы і кансервуючы архітэктурныя элементы фасада, захавалі ўпрыгожваючыя элементы гэтага помніка архітэктуры – святыні, якая служыла і служыць для спаткання з Богам пяці пакаленням вернікам мядзведзіцкай парафіі, а ў свой час і ляхавіцкай, крывошынскай, клецкай, слуцкай, бабруйскай, салігорскай і многім іншым. У мінулыя дзесяцігоддзі гэта была адзіная святыня на многія раёны.
На набажэнства ў І Нядзелю Адвэнту сабраліся вернікі з навакольных мясцовасцяў і суседняй ляхавіцкай парафіі, якім служыў доўгі час кс. Інфулат Вацлаў Пянткоўскі. У гаміліі біскуп паразважаў аб літургічным перыядзе і падрыхтоўцы да Божага Нараджэння. Падрыхтоўка, па словах іерарха, павінна ўключаць у сябе малітву, пост і добрыя ўчынкі для бліжняга, бо “вера без учынкаў мёртвая”, як вучыць святы Якуб Апостал. Біскуп звярнуў увагу на тое, што быць верным Богу азначае быць у духоўным сэнсе ўважлівым – асцярожным. Вернасць, як заўважыў пінскі ардынарый, азначае любоў, а адказнасць — прававернасць і сумленнасць, і на гэтым фундаменце базуецца Дабро, а вера павінна праяўляцца не толькі ў малітве і пастах, але найперш у добрых справах.
Біскуп звярнуў увагу на служэнне Богу і людзям на працягу амаль 40 гадоў у гэтым касцёле кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага, вязня ГУЛАГу, які ў адсутнасць біскупа ў пасляваенныя часы да перадачы ўлады ў 1989 годзе кс. Казіміру Свёнтку кіраваў гэтай часткай Пінскай дыяцэзіі як Генеральны вікарый. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі выхаваў і падрыхтаваў да святарскага служэння многіх юнакоў, якія не мелі іншай магчымасці афіцыйна атрымаць фармацыю ў духоўнай семінарыі ў тыя часы.
Вернікі падзяліліся пасля Імшы ўспамінамі аб апошніх хвілінах жыцця кс. інфулата - апошняга святара, якому ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі. Калі цяжка хворага інфулата адведалі ў плябаніі вернікі з Ляхавіч, ён ужо не мог самастойна рухацца і ляжаў у ложку. Святар вуснамі і рукамі прасіў выканаць яго пажаданне, але сабраныя не разумелі, аб чым ён просіць. Так было, пакуль хтосьці не зняў са сцяны абраз Маці Божай, які падаў кс. інфулату. Той пацалаваў абраз з выявай Маці Божай Ацалення народу з базылікі ў Рыме, прытуліў яго да грудзей, а пасля аддаў абраз прысутным, склаў рукі, заснуў і так адышоў у вечнасць. Доктар захаваў гэты ўспамін у сваёй памяці. Іншая парафіянка расказала аб тым, што на шляху да веры ёй дапамог менавіта кс. Пянткоўскі, і нават пасля яго смерці яна бачыла яго ў сне, і ён, звяртаючыся да яе па імені, пераконваў і заклікаў яе: вер, бо Бог ёсць. Кс. Андрэй Рылка, AG
|