Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча моладзі на тэму адказнасці прайшла ў Шарашове
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.12.2013 15:07

На сустрэчах моладзі ў Шарашове маладыя вернікі з Брэста, Пружан, Ружан, Ліды, Бярозы і самога Шарашова разам шукаюць адказы на хвалюючыя пытанні. Тэмай чарговай сустрэчы стала адказнасць: за саміх сябе, за бліжняга і за навакольнае асяроддзе.

Па словах арганізатара сустрэчы кс. Яцэка Дубіцкага СМ, яе можна будзе назваць плённай, калі пасля яе прынамсі адзін чалавек паспрабуе змяніць сябе, стаць лепшым.

Канферэнцыю на гэтую тэму правёў кс. Ян SAC. Хто адказвае за маё шчасце? Бог? Зоркі, размешчаныя адпаведным чынам? Амулеты і талісманы? А можа ўсё ўжо прадвызначана? Падыдзіце да люстэрка, і вы пабачыце саміх сябе – людзей, адказных за сваё шчасце. Але цяжка бывае гэта прызнаць, лягчэй перакласці адказнасць і, у выпадку няўдачы, мець прэтэнзіі да ўсіх, акрамя сябе, — такімі былі асноўныя думкі, выказаныя на сустрэчы. Падчас працы ў групах моладзь разважала, чаму мы застаемся безадказнымі і якім чынам можам з сябе адказнасць зняць. Таксама маладыя людзі спрабавалі вызначыць шляхі, якія дапамагаюць фарміраваць у сабе адказнасць, — можна завесці хатнюю жывёліну ці акружыць сябе адказнымі людзьмі, з якіх можна браць прыклад, але найперш варта задаць сабе пытанні: “Хто я такі? Дзеля чаго я жыву?” Калі мы не ведаем на іх адказаў, размаўляць аб адказнасці вельмі складана. Ведаючы, што мы слабыя і грэшныя людзі, мы можам з даверам аддаць Богу нашыя слабасці, безадказнасць і папрасіць у Яго дапамогі. Ён падкажа нам правільнае рашэнне, але выбар і адказнасць за намі, — да такіх высноваў прыйшлі ўдзельнікі.

Напрыканцы канферэнцыі святар узгадаў Эрнэста Шэлктана, кіраўніка імперскай трансарктычнай экспедыцыі, які, каб набраць каманду, даў абвестку ў лонданскіх газетах: “Патрабуюцца людзі для рызыкоўнага падарожжа. Абяцаецца маленькая зарплата, суровыя халады, доўгія месяцы апраметнай цемры, пастаянная небяспека, сумніўная верагоднасць шчаслівага вяртання, але ў выпадку поспеху – пашана і прызнанне”. Як ні дзіўна, на абвестку адгукнулася амаль 5000 чалавек, з якіх Шэклтан выбраў 28, і ўсе яны вярнуліся з экспедыцыі. Езус, як адзначалася на сустрэчы, таксама запрашае ў падарожжа — адказнае і сумленнае падарожжа па сваім жыцці, дзе чакаюць цяжкія ўмовы і шэраг выпрабаванняў, а ў якасці ўзнагароды – слава і Валадарства Нябеснае.

Сустрэча завяршылася малітвай праслаўлення і падзякі.

Ганна Ліцкевіч, Марына Пашкевіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.