Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перад святамі Нараджэння Пана адбылася сустрэча духавенства Пінскай дыяцэзіі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
20.12.2013 10:33

19 снежня ў Пінску прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Пінскай дыяцэзіі. Яна пачалася малітвай перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля адарацыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.

Прывітаўшы прысутных, іерарх пажадаў плённа падрыхтавацца да надыходзячых святаў.

Гамілію прамовіў кс. Тадэвуш Саморэк, пробашч парафіі ў Светлагорску. «Калі ідзём на сустрэчу, не ведаючы, што нас там чакае, ― баімся. І гэта натуральна, ― заўважыў святар. ― Але Бог без свядомасці нас не пакідае. (...) Ведаю, што мяне чакае, ― гэта крыж. Але мяне чакае таксама і Езус, які мяне любіць».

Таксама святар узгадаў прыклады ўмяшальніцтва Бога ў гісторыі постацяў Старога Запавету і ў гэтых сустрэчах з Богам адзначыў супольнасны характар падзеяў. Гэтаму супрацьпастаўлены прыклад Захарыі, да якога прыходзіць анёл, абвяшчаючы, што ў яго будзе сын. Аднак Захарыя не верыць яму, «спрабуе вырашаць сам (...). І мае наступствы сваіх рашэнняў».

«Існуе тры прыйсця Пана. Першае ― нараджэнне з Дзевы. Другое ― прыйсце ў хвале. І трэцяе ― паміж імі», ― указаў святар і, узгадваючы словы Папы Францішка, заахвоціў «у Духу распазнаваць прыйсце Пана»: «Захарыя ў сваёй справе быў прафесіяналам. Але калі прыходзіць Пан ― ён Яго не распазнае. Цяпер давайце паглядзім на сябе: (...) што ў мяне галоўнае? Калі прыходзіць Пан, чым я заняты?» Святар указаў, што Захарыя не паверыў словам, бо «быў заняты культам, а слова было побач».

«Пан Бог прыходзіць па-свойму. Мы сюды прыходзім, каб дзяліцца досведам любові ў спатканні з Богам», - адзначыў святар і заахвоціў «не рабіць памылкі Захарыі», а прасіць дар прароцтва, каб «бачыць рэчаіснасць і прарочыць на будучыню».

Пасля святой Імшы прысутныя накіраваліся да крыпты на малітву за кардынала Казіміра Свёнтка, праспяваўшы «Анёл Панскі».

Другім пунктам праграмы была адміністрацыйная сустрэча ў семінарыі, а напрыканцы ― аплатковая сустрэча.

Дк. Раман Суша

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.