20 снежня адбылася аплатковая сустрэча супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. На сустрэчу прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
“Хачу абвясціць вам разам з анёламі, што нарадзіўся нам Збаўца, якім ёсць Езус Хрыстус, - звярнуўся біскуп да ўдзельнікаў сустрэчы. - Ён нарадзіўся таксама на Палессі, у Пінску”.
“Зададзім сабе пытанне: чаму ўвесь цывілізаваны свет адзначае Божае Нараджэнне? Таму што сам Бог прыняў чалавечае цела і нарадзіўся з Дзевы Марыі. Сапраўды прыйшоў Збаўца, якога даўно прадвяшчалі прарокі. Прыйшоў, каб упаўшае чалавецтва падняць, каб вярнуць любоў з Богам Айцом. Бо праз грэх чалавек аддаліўся ад Бога. Таму нараджаецца Божы Сын як чалавек, каб наблізіць нас да Бога, - патлумачыў іерарх. - Хрыстус прыносіць нам вельмі важны дар. Ужо цяпер мы можам называць Бога сваім Айцом. Дагэтуль Ён здаваўся грозным, недаступным і справядлівым Суддзёй (…) а ад Нараджэння Езуса можаце глядзець у твар Бога Айца”.
Па словах біскупа, Езус “запэўнівае нас, што Айцец чакае марнатраўнага сына”, і “гэта патрэбна кожнаму чалавеку і ў кожны час”.
“Простыя пастухі ў бэтлеемскую ноч былі перапалоханыя, бо ім аб’явілася Божая хвала. Мы таксама баімся, нібыта пастухі пры сваіх статках, - заўважыў біскуп. - Мы не ўпэўнены, ці не абцяжарыць нас занадта гэты дар. З розных бакоў мы чуем, што калі крых рэлігіі, то гэта ў норме, але калі яе больш, то гэта ўжо зашмат. На ўсе гэтыя пытанні Божы анёл паўтарае: “Не бойцеся””. “Што ж нам рабіць? Як дзейнічаць? Пойдзем разам з пастухамі ў Бэтлеем, - заахвоціў іерарх. - У Евангеллі ніхто нічога не гаворыць, што і як рабіць падрабязна. Юзаф і Марыя пры Дзіцяці нічога не гавораць. Пастухі прыйшлі і моўчкі аддалі паклон. (…) Важна нам не паддавацца на спакусу павярхоўнасці, але шукаць засяроджанасці, хвіліну без радыё, тэлебачання і інтэрнэту. Тады і мы станем сведкамі сапраўднага Божага Нараджэння ў нашым жыцці”.
“Дазволім жа нарадзіцца Яму ў нашых сэрцах. Няхай Нованароджаны Збавіцель умацуе нашую веру. Няхай Яго святло асветліць цемру розуму і сэрца, каб мы выбіралі праўду і дабро. Няхай здароўе і дабразычлівасць блізкіх спадарожнічае нам падчас радаснага святкавання Божага Нараджэння”, - пажадаў удзельнікам сустрэчы пінскі ардынарый.
(AG)
|