Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аплатковая сустрэча адбылася ў Катэхетычным каледжы імя З. Лазінскага
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.12.2013 17:31

21 снежня Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах вітаў выкладчыкаў, студэнтаў, выпускнікоў і сяброў, якія ўжо ў пяты раз сабраліся на перадкалядную аплатковую сустрэчу.

Свята пачалося Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што пачатак літургічнага года амаль што супадае з пачаткам каляндарнага, таму снежань – гэта заўседы час рэфлексіі над вынікамі мінаючага года і планамі на новы, а таксама гэта час падарункаў. Таму біскуп прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем: які падарунак можа прынесці Немаўля?

Па словах біскупа, каб адказаць на яго, варта ўзгадаць, як змяніліся адносіны Бога і чалавека пасля прыйсця Езуса Хрыста. Калі ў часы Старога Запавету людзі разумелі Бога толькі як усемагутнага валадара і справядлівага суддзю, верылі, што, убачыўшы Яго, яны імгненна памруць, то сення кожны хрысціянін – гэта дзіця любячага Айца і, больш за тое, мы можам бачыць Яго, бо Езус сказаў: “І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне” (Ян 12, 45).

Пасля літургіі былі падведзены вынікі жыцця касцёльнай супольнасці за год, а таксама абвешчаны змены ў кіраўніцтве каледжа: дырэктарам прызначаны ксёндз магістр Андрэй Рылка, а віцэ-дырэктарам – сястра Ядвіга Шчучко. Студэнты шчыра падзякавалі былому дырэктару каледжа ксяндзу Алегу Сількевічу, які працягне сваю дзейнасць як выкладчык дагматычнай тэалогіі, і выказалі спадзяванні, што ён застанецца іх духоўным пастырам, а таксама прывіталі новае кіраўніцтва.

Асаблівым момантам стала выступленне выпускнікоў каледжа, якія павіншавалі прысутных з надыходзячым святам Божага Нараджэння.

Мерапрыемства працягнулася паказам батлейкі, падрыхтаванай сумеснымі намаганнямі студэнтаў другога і трэцяга курсаў, пасля чаго адбылося дзяленне аплаткай. За вігілійным сталом можна было пачуць не толькі цёплыя словы, але і вершы выпускніцы каледжа Нэллі Сяўрук у выкананні самой паэтэсы.

Падчас калядавання, якое таксама было ў праграме свята, “сутыкнуліся інтарэсы” хрысціянскіх калядоўшчыкаў і свецкага Дзеда Мароза і яго “світы”. Спаборніцтва, арганізаванае студэнтамі першага курса ў форме конкурсаў і гульняў, скончылася перамогай хрысціян. Важнай была і падтрымка духоўных пастыраў: прысутныя святары на чале з біскупам Антоніем Дзям’янкам паказалі сябе сапраўднымі абаронцамі касцёльных традыцый і хрысціянскай веры.

Вольга Пашкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.