Імша ў ноч на Божае Нараджэнне адбылася ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Пачуццё здзіўлення і захаплення спадарожнічае нам, калі разважаем пра таямніцу нашай веры, — сказаў іерарх, звяртаючыся да вернікаў, сабраных на Імшы. — Бог стаў чалавекам, Неабсяжны, Бясконцы стаў дзіцём. І пасяліўся пасярод нас, для таго, каб быць з намі заўсёды».
«Калі на гэта глядзім чыста па-чалавечы то бачым толькі беднасць, — дадаў біскуп. — Сёння многія сказалі б, што гэта двое бяздомных, якія былі змушаны пакінуць сямейнае гняздо і для якіх няма месца нават у заездзе, і з імі дзіця, кволае, як чалавечая радасць. І гэта ўся, па-чалавечы, праўда аб гэтым здарэнні. Але каб больш зразумець у гэтай таямніцы, неабходна ласка веры, неабходна пакора і гатоўнасць».
Па словах пінскага ардынарыя, «не выпадкова, што таямніца была аб’яўлена найперш людзям, якія былі, так бы мовіць, на ўзбочыне жыцця, – пастухам»: «яны адзначаліся сціпласцю у ацэнцы сваіх магчымасцяў, але ім было аб’яўленне бо яны былі на варце». «Бо таямніца ўцелаўлення – гэта таямніца любові, — падкрэсліў іерарх. — Як гавораць тэолагі – гэта таямніца Бога, які хацеў раззброіцца і мог гэта зрабіць, бо Ён Усемагутны».
«Народжанае ў Бэтлееме Дзіця — не адно з мільёнаў, але адзінае, прадказанае і чаканае, у якім спаўняюцца надзеі і спадзяванні чалавецтва на ратунак, жыццё і трыванне, — дадаў біскуп. — Без Нованароджанага мы не зможам зразумець да канца нашага жыцця: чым яно ёсць, якая яго мэта, заканчэнне і фінал. Больш за тое – без Яго не можа быць сапраўднага жыцця, бо Ён дарога, праўда і жыццё (Ян 14, 6)».
«Кожныя яселькі, і гэтыя ў катэдры, у іншых касцёлах, капліцах і ў вашых дамах, з’яўляюцца простым і ясным заклікам, каб мы нанова адчынялі сэрцы і розум на таямніцу жыцця, — сказаў іерарх вернікам. — Гэта спатканне з несмяротным жыццём, якое зрабіла сябе смяротным, і з гэтым жыццём мы сустракаемся цяпер у гэтым месцы».
«Панаваннем і тронам» гэтага Дзіцяці, па словах біскупа, з’яўляецца крыж: «Ён хацеў усіх палюбіць і прывесці пад крыж, і нараджэнне ў хляве дае новы пачатак панавання Караля Міласэрнасці ў сэрцах людзей. Таму гэта адзінае валадарства, якое мае вечнае прызначэнне».
«Езус Хрыстус прыйшоў да ўсіх. У Бэтлееме Яго спаткалі толькі некаторыя, але Ён прыйшоў да людзей усіх часоў і народаў, — заўважыў пінскі ардынарый. — Ён прыходзіць ціха, далікатна і чакае нашага адказу». Бог, як дадаў іерарх, прыходзіць як немаўля, «безбароннае, пакінутае на літасць чалавека, у першую чаргу на літасць бацькі і маці, але таксама на літасць кожнага з нас, на пашану годнасці з боку іншых людзей і ўсяго чалавецтва». Таму таямніца гэтай ночы абавязвае таксама «дабівацца пашаны да жыцця для наймалодшых, найбольш патрабуючых, якія самі не могуць абараніцца». «Там дзе адкідваюцца Божыя законы — там найперш ненароджаныя і дзеці вельмі церпяць, — адзначыў біскуп. — А ў нявінным воку дзіцяці сам Бог хоча ўсміхнуцца нам, хоча паказаць, якім цудоўным ёсць жыццё».
Па словах іерарха, сёння «аблічча Бога праяўляецца нам не ў гіпсавай фігуры дзіцяці, пакладзенай у яселькі, а ў зняважанай годнасці нявіннай, безбароннай істоты, якая замест клопату і спагадлівасці спазнае крыўду, якую нярэдка ўжо нельга выправіць».
«Бог прыходзіць да нас як немаўля. Каб гэта зразумець, патрэбна прастата і найперш любоў. Перад Богам не лічацца нашыя дасягненні, — падкрэсліў біскуп. — Мерай перад Богам нашай велічы з’яўляецца любоў, якую ўкладваем у кожную штодзённую дзейнасць». (AG)
|