28 снежня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафію Святога Юрыя ў Паланэчцы. Падобны візіт іерарха ў гісторыі парафіі быў першым.
У прывітальным слове пінскі ардынарый выказаў парафіянам сардэчныя віншаванні з нагоды святаў Божага Нараджэння і Новага года. Іерарх падзякаваў прадстаўнікам старэйшага пакалення за трываласць у веры ў мінуўшыя гады ваяўнічага атэізму, а сярэдняму і малодшаму пакаленню пажадаў далейшага захавання веры сваіх бацькоў.
Пробашч парафіі падзякаваў госцю за візіт, адзначыўшы, што гэта вялікі гонар для парафіі.
Аплатковая сустрэча пінскага ардынарыя з вернікамі стала таксама добрай нагодай да малітвы падзякі за ўсіх сяброў і дабрадзеяў парафіі, дзякуючы якім многае ў ёй у апошнія часы было зроблена.
Біскуп Антоні Дзям’янка, як і пробашч парафіі, у сваіх словах адзначылі вялікі ўклад у развіццё парафіі ксяндза Ежы Росяка, 100-годдзе нараджэння якога адбудзецца ў наступным годзе. Біскуп паабяцаў вернікам, што, напэўна, будзе прысутнічаць на ўрачыстасцях з гэтай нагоды.
У праграме сустрэчы былі супольны спеў калядак, спектакль на тэму Божага Нараджэння, падрыхтаваны малодшымі парафіянамі, асвячэнне абраза Маці Божай Радзівілаўскай, святая Камунія. На заканчэнне біскуп падзяліўся аплаткай з прысутнымі, а таксама ўдзяліў вернікам пастырскае благаслаўленне і ўручыў кожнаму з маленькіх акцёраў падарунак.
На завяршэнне візіту іерарх наведаў дом адной з парафіянак, якая з прычыны хваробы не змагла прысутнічаць на сустрэчы ў касцёле. Тут таксама быў спеў калядак, дзяленне аплаткай, размовы, а напрыканцы – благаслаўленне, якое біскуп удзяліў усім хатнім. (AG)
|