Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у сустрэчы моладзі ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.01.2014 21:16

4 студзеня ў парафіі Св. Зыгмунта ў Баранавічах праходзіла калядная сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі.

У межах сустрэчы былi духоўная канферэнцыя, праца ў тэматычных групах, малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці. Перад удзельнікамі выступіў музычны гурт “Адзіныя ў Духу”.

Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да моладзі, іерарх узгадаў пра адметнасці мінулага года ў Паўсюдным Касцёле, а таксама пра выклікі і заданні, якія чакаюць хрысціян у гэтым годзе ў партыкулярным Касцёле ў Беларусі, у тым ліку ў Пінскай дыяцэзіі.

Біскуп нагадаў пра рашэнне Папы Бэнэдыкта XVI аб сыходзе з пасады Наступніка Пятра, абранне новага Папы Францішка, Сусветны дзень моладзі ў Бразіліі, завяршэнне Года веры, абвяшчэнне першай энцыклікі новага Папы “Lumen fidei” (“Святло веры”) і Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” (“Радасць Евангелля”), згадаўшы пра асаблівасці гэтых падзей.

“Скончыўся Год веры, устаноўлены па волі Папы Бэнэдыкта XVI. У “Porta fidei” (“Брамы веры”) ён напісаў, што вера, заснаваная на спатканні з уваскрослым Хрыстом, будзе адкрыта нанова і ў поўным сваім святле. Кожны з нас, калі спатыкае кагосьці важнага, мае эмоцыі. Трэба задумацца, ці спатканне з Езусам выклікае ў мяне такія эмоцыі, якія дамамагаюць мне зрабіць змены ў жыцці, па-новаму паглядзець на справы”, - адзначыў біскуп, звяртаючыся да маладых людзей.

Па словах іерарха, “прыклад жыцця святых і благаслаўлёных паказвае, што аўтэнтычная вера дае радасць і ахвоту рабіць дабро, бо дае пачуццё, што Бог нас любіць, і як веруючыя людзі адчуваем, што выконваем добра даручанае нам заданне”.

“Вера нам дапамагае адчуць радасць стварэнняў, створаных па вобразу Найсвяцейшай Тройцы: радасці з быцця людзьмі любімымі, бо Бог любіць любоўю творчай, якая ахоўвае, умацоўвае, перамяняе і развівае, - дадаў біскуп. - І ў выніку вера, якая ажыўляе наша жыццё любоўю, поўнай праўды, чыніць нас вольнымі і адказнымі. Хрысціянства - гэта штосьці большае, чым збор законаў, яно з’яўляецца абагаўленнем чалавека, а не яго прыніжэннем, як гэта хочуць унушыць тыя, хто не верыць. Радасць сапраўднай веры робіць нас адкрытымі на тое, што нябеснае, тое, што немагчыма нам самім асягнуць, гэта значыць неабсяжную любоў Бога”.

Біскуп нагадаў, што ў бягучым годзе будзе адзначацца 100-годдзе нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Урачыстасці з гэтай нагоды пройдуць не толькі ў дзень яго нараджэння, 21 кастрычніка, але таксама ў іншыя дні ў розных парафіях. Пінскі ардынарый заклікаў з гэтай нагоды памятаць таксама пра іншых людзей, якія рупіліся аб захаванні веры ў Божым народзе, і выказаў надзею на актыўны ўдзел моладзі ў гэтых мерапрыемствах.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.