23 студзеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску біскуп Антоні Дзям'янка ўзначаліў Імшу ў інтэнцыі еднасці хрысціян. Літургія адбылася ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць з 18 па 25 студзеня.
Маладыя вернікі, якія ўдзельнічалі ў сёлетняй Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай экуменічнай супольнасцю з Тэзэ, упрыгожылі Імшу спевам канонаў. Гаворачы пра імкненне да еднасці хрысціян, біскуп у гаміліі падчас Імшы сказаў: “Хрыстус нас запрашае, каб у гэтай місіі і мы мелі свой удзел, каб маліліся аб адзінстве і яго ўводзілі праз наша жыццё”. “Увесь Касцёл - гэта жывы арганізм, адзіны і звышпрыродны. Хрыстус яго галава, а мы клеткі, - адзначыў пінскі ардынарый. - Раздзёртае цела азначае тое, што арганізм хворы. Падзел хрысціян таксама з’яўляецца хваробай. І экуменічныя намаганні з’яўляюцца знакам жадання павароту хрысціян да адзінства”.
“Нам добра жыць у сям’і, дзе ёсць адзінства, дзе муж разумее жонку, а жонка мужа, - дадаў іерарх. - У такі дом ахвотна вяртаюцца з адпачынку, ахвотна вяртаюцца туды, дзе пануе адзінства. Добра жыць у сяброўстве з суседзямі, калі ёсць добразычлівыя людзі, калі ёсць куды пайсці, штосьці пазычыць, параіцца. Добра жыць і працаваць на прадпрыемстве, дзе ў калектыве пануе згода, узаемная добразычлівасць, дзе працаўнікі не сеюць інтрыгі, не шукаюць кампраматаў. Добра жыць у народзе, дзе еднасць, дзе няма барацьбы паміж фракцыямі, кіраўніцтвам і звычайнымі грамадзянамі. Добра жыць у народзе, акружаным добрымі суседзямі, калі вядома, што яны не нападуць, не возьмуць у палон”.
“Добра жыць сярод людзей з’яднаных, але бачым што адзінства нам не хапае, - заўважыў біскуп. - Супольнасць Хрыстовага Касцёла, супольнасць Богачалавека адначасова і адзіная, і падзеленая. Адзінства ёй надае Дух Святы, які дзейнічае. Ён прысутнічае заўсёды, але гэтага не робіць насільна. Людзі Касцёла як вольныя, свабодныя людзі падзелены, сварацца паміж сабой. Гэта бачна, напрыклад, на Святой Зямлі, у Ерузалеме, у горадзе, асвечаным прабываннем Хрыста, у горадзе аб якім Біблія гаворыць, што яно месца супакою”.
“У міжусобны свет мы пасланы як апосталы лучнасці. У моцы Духа Святога мы павінны будаваць адзінства. Гэта д’ябал пастаянна дзеліць людзей, дзеліць таксама хрысціян. І наступствы такога падзелу бываюць вельмі балючыя, - нагадаў іерарх. - Трэба памятаць, што вялікае адзінства ў Касцёле і ў народзе пачынаецца ад малога адзінства ў нашым сэрцы, у нашых сем’ях і месцах працы”.
Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян, якія арганізуе Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству, праходзяць з 1968 г. Падчас іх прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій збіраюцца разам на набажэнствах, канферэнцыях, канцэртах, каб маліцца аб еднасці згодна са словамі Хрыста: “Каб усе былі адно”. У гэтым годзе Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць з 18 па 25 студзеня. (AG)
|