Біскуп Антоні Дзям’янка да навучэнцаў пінскай семінарыі: вучыцца евангельскаму радыкалізму |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
28.01.2014 17:08 |
28 студзеня Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску адзначаe свята з нагоды ўспаміну свайго апекуна – св. Тамаша Аквінскага, святара і доктара Касцёла. У семінарыі быў святочны расклад дня. На свята прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх узначаліў у семінарыйнай капліцы Імшу - галоўную частку свята. Біскуп у гаміліі назваў св. Тамаша Аквінскага адной з тых асобаў у дзеях навукі, рэлігіі, культуры, “якія не старэюць, да якіх часта звяртаемся”. Нагадваючы пра жыццёвы шлях святога, пінскі ардынарый звярнуў асаблівую ўвагу на знакі яго святасці, якімі былі “любоў да праўды, якая з’яўляецца мудрасцю”, “пакора ў пазнанні праўды”, “паслушэнства Касцёлу” як наступства пакоры, пастаянную малітву, любоў да духоўнага сузірання, да ведаў і мудрасці, якую ён шукаў “у Святым Пісанні, але і ў свеце створаным, а таксама ў працах сваіх папярэднікаў”. Апрача семінарыйнай супольнасці – навучэнцаў і выхавацеляў - на Эўхарыстыі прысутнічалі таксама а. Пётр Бялевіч OMI і кс. Павел Ярашэвіч, душпастыры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Пасля Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны на святочны абед у семінарыйнай сталовай. (AG)
|