Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябесаў» прайшоў у Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.02.2014 10:41
15 лютага ў Баранавічах прайшоў першы фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябесаў”. Фестываль, арганізаваны кс. Паўлам Рудзьманам і кс. Аляксандрам Канановічам, адбыўся ў Доме культуры тэкстыльшчыкаў. Больш за 1000 чалавек рознага ўзросту і канфесій з розных куткоў Беларусі - Баранавіч, Мінска, Брэста, Гродна, Гудагая, Віцебска, Пінска, Нарачы, Ашмян, Маладзечна і інш. - праслаўлялі Бога спевамі і танцамі. На працягу 6 гадзін на фестывальнай сцэне выступалі як каталіцкія гурты: LAUDANS (г. Мінск), UNITED IN SPIRIT (г. Баранавічы), AVE (г. Гродна), так і пратэстанцкія: PARACLETOS (г. Кобрын), WISMA (г. Брэст), CRUSADE (г. Брэст). Паміж выступленнямі музыкантаў вядучыя разыгрывалі кашулі, дыскі, плакаты і музычныя пластынкі з аўтографамі выступоўцаў.

У якасці гукарэжысёра фестывалю выступіў Сяргей Кобрын, знакаміты музыкант, лідар гурту “Деяние”.

Перад фестывалем у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага прайшла сустрэча пілігрымаў Баранавічы-Будслаў, падчас якой кс. Андрэй Рылка распавёў пра асабісты досвед падарожжаў да санктуарыя Маці Божай Будслаўскай і даў практычныя парады на будучыню. Сустрэча завяршылася Імшой.

Удзельнікі фестываля “Дастукацца да нябёсаў” падзяліліся сваімі думкамі і эмоцыямі:

“Самы прыемны ўспамін ці, нават больш, самае прыемнае ўражанне - гэта тое, што на фестывалі прысутнічала вялікая колькасць людзей. Мноства з іх як прыйшлі, так і прыехалі, адклаўшы свае справы на потым, каб паслухаць і зразумець, што такое хрысціянская музыка. У зале адчувалася атмасфера адзінства, усе былі на адной хвалі. Гэтак жа ідэя і афармленне маек з эмблемай фестывалю “Дастукацца да нябесаў” была добра зроблена. Вялікая падзяка арганізатарам гэтага фестывалю і ўсім тым, хто быў у гэты выдатны вечар з намі і праслаўляў Бога” (Дыяна Відзяйло, г. Пінск).

“Дзякуй велізарны ўсім, хто прыехаў з розных гарадоў нашай краіны, і гэтак жа жыхарам горада, якія правялі гэты выдатны вечар з намі! І гэтак жа выказваю велізарную падзяку гуртам і арганізатарам за выдатны час для зносін з Айцом! Усім Божага благаслаўлення!” (Арцём Бабей, г. Баранавічы, пратэстант)

“Фестываль вельмі спадабаўся: некалькі гадзін жывой музыкі, спевы, якія сапраўды “чапляюць” сваімі тэкстамі, сяброўская атмасфера! Асабліва спадабаўся баранавіцкі гурт “United in Spirit”, якія завёў зал знаёмымі спевамі і крануў душу меладычнай скрыпкай. Я ўдзячая Богу за тое, што змагла трапіць на фестываль”  (Вольга Драневіч, г. Нарач).

Павел Самалазаў

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.