Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тэме даверу была прысвечана сустрэча моладзі ў Брэсце
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.03.2014 11:42

1 сакавіка моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа сабралася, каб памаліцца, паразважаць на тэму “Межы даверу” і па-хрысціянску адпачыць. Праводзіў сустрэчу кс. Андрэй Рылка.

Сустрэчы моладзі ў брэсцкай парафіі ладзяцца па традыцыі перад пастом. Арганізоўвае іх моладзь парафіі, а тэмы выбіраюцца заўсёды найбольш важныя і актуальныя. Яны абмяркоўваюцца падчас канферэнцый і прац у суполках.

Як давяраць, калі ў жыцці шмат сітуацый, пры якіх хочацца залезці ў свой “панцыр недаверу”? Адказаць на гэтае пытанне моладзь спрабавала падчас працы ў суполках.

Удзельнікі прыйшлі да думкі, што недавер вельмі часта атручвае ўзаемаадносіны, князь гэтага свету хоча раз’яднаць нават хрысціян, рассяваючы паміж імі варожасць, зайздрасць, крыўду і самае галоўнае – недавер. Калі нас пакрыўдзіў пэўны чалавек, мы перастаем давяраць яму, і тут варта прасіць Бога, каб Ён дапамог аднавіць гэты давер. Але больш, чым давер да іншага чалавека, патрэбен давер Богу – Стварыцелю.

Ксёндз Андрэй Рылка, між іншым, адзначыў:“Бог ведае, як выйсці з кожнай сітуацыі, і чакае ад нас толькі аднаго: каб мы адкрылі для Яго гэтую сітуацыю”. “Ці верыш у тое, што дабро, якое ў табе, большае, чым зло вакол цябе? – паставіў пытанне святар. - Калі трэба, то сто разоў на дзень прыходзь да малітвы, прыходзь у касцёл, прыходзь да Езуса, прасі: “Езус, дай мне столькі сілы, каб не знешняя сіла ў мяне ўлівалася, але мая сіла вылівалася…”  І Бог гэта дае, але дае толькі тым, хто прыходзіць да Яго з даверам, бо, каб мець, трэба ўзяць, трэба прыйсці да Езуса”. Па словах святара, “Бог ніколі не расказвае нам усю праўду, але Бог ніколі не падманвае”,  “Ён нам адкрывае столькі, колькі мы можам прыняць, столькі, колькі нам трэба для таго, каб збавіцца...”

Сцэнка “Рукі”, якую брэсцкая моладзь паказала на сустрэчы, яшчэ раз нагадала прысутным, што рукі Бог даў людзям для дабра.

Вясёлы вечар з танцамі, спевы і суцішэнне ў адарацыі, а таксама прагляд фільма “Пісьменнікі свабоды” дапамагалі ўдзельнікам з’яднацца ў адну сям’ю і напоўніць сэрцы даверам.

Марына Валасар

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.