4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў у катэдральным касцёле Пінска Імшу ў 100-ю гадавіну нараджэння першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка. На гэты дзень прыпадаюць імяніны кардынала.
У Імшы ўдзельнічалі духавенства і вернікі горада.
На пачатку да сабраных звярнуўся пробашч парафіі а. Пётр Бялевіч ОМІ.
Па словах біскупа Антонія Дзям’янкі, вернікі заклікаюць свайго святога апекуна і могуць прасіць яго аб апецы ў розных жыццёвых справах, аднак важна таксама наследаваць апекуна, яго прыклад веры, а для наследавання неабходна ведаць цноты дадзенага святога.
У дзень імянінаў кардынала Казіміра Свёнтка біскуп нагадаў пра жыццёвы шлях яго нябеснага апекуна – св. Казіміра. Святы нарадзіўся ў Кракаве ў 1458 г., пражыў толькі чвэрць стагоддзя, быў унукам Уладзіслава Ягайлы, пры якім беларускія землі прынялі хрысціянства ў лацінскім абрадзе. Іерарх узгадаў, што святы Казімір азначаўся эўхарыстычнай пабожнасцю, пабожнасцю да Божай Маці, быў лагодным і пакорлівым, будучы каралевічам, не ўзвышаўся над іншымі, “ахвотна прабываў сярод простых людзей”, “ахвяроўваў ім свой час і сваю дапамогу”, “асабліва шанаваў цноту чысціні”. Захаваліся, як дадаў пінскі ардынарый, лісты Казіміра да свайго бацькі, караля, у якіх ён прасіў аб тым, каб у Літве будавалася мага больш касцёлаў, “каб жыхары Вялікага княства Літоўскага такім чынам пазнавалі Хрыста ў і далучаліся да хрысціянскай сям’і і еўрапейскай культуры”.
Кажучы пра кардынала Казіміра Свёнтка, іерарх адзначыў, што ў пінскай катэдры ён многія дзесяцігоддзі маліўся найперш як семінарыст, пазней - святар, арцыбіскуп, кардынал. Па словах біскупа, кардынал вучыў вернікаў “ісці па жыцці слядамі святога Казіміра”. “Мы ўспамінаем тую бадзёрасць, энтузіязм і энергію маладога чалавека, якімі адзначаўся ў жыцці кардынал Казімір Свёнтэк, - дадаў пінскі ардынарый. - Ён аднавіў духоўную семінарыю, якая набыла статус міждыяцэзіяльнай. Большасць касцёлаў і парафій нашай дыяцэзіі былі адноўлены, а святыні збудаваны пры яго кіраўніцтве. Думаю, што тая энергія, якая была характэрнай для св. Казіміра, была таксама дадзена і нашаму кардыналу, а пасрэднікам быў нябесны апякун”.
Па словах біскупа Антонія Дзям’янкі, “тыя, хто ведаў кардынала пры жыцці, заўважылі, што ён адзначаўся руплівасцю ў Божай службе, эўхарыстычнай і марыйнай пабожнасцю”, а “наследаванне цнотаў нябеснага апекуна дапамаглі кардыналу ўзорна выканаць жыццёвае пакліканне”, якое “не было лёгкім: служэнне Богу і людзям у Касцёле ў Пінску, Пружанах, камеры смерці ў Брэсце, у ГУЛАГу ў Варкуце”.
Іерарх пажадаў удзельнікам Імшы, каб заступніцкая малітва св. Казіміра і прыклад жыцця кардынала Казіміра Свёнтка дапамагалі ім “быць вернымі хрысціянскай спадчыне”, “каб вартасці, за якія цярпелі многія пакаленні і плацілі часта вельмі вялікай ахвярай, знайшлі моцны падмурак у сэрцах”. (AG)
|