Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ў Папяльцовую сераду: «Павярнуцца ў Вялікі пост да святла Добрай Навіны»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.03.2014 13:13

Раніцай 5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Гэты дзень з’яўляецца ў Каталіцкім Касцёле пачаткам Вялікага посту.

Па словах пінскага ардынарыя, у гэты дзень вернікам “спадарожнічаюць думкі аб смерці і перамене жыцця”, асабліва калі іх галовы пасыпаюцца попелам і гучыць: “Памятай, што ты попел і ў попел абернешся”. “Часта перспектыва смерці для нас страшная, мы поўныя боязі і няўпэўненасці, але праз боязь прабіваюцца словы, поўныя надзеі: хто памірае ў Хрысце, у Ім таксама будзе ўваскрашоны да вечнага жыцця”, - адзначыў іерарх.

Біскуп нагадаў, што абрад пасыпаць галовы ў гэты дзень попелам Касцёл пераняў ад старажытных народаў і надаў новую і знакавую сімволіку. У сённяшняй форме гэты абрад вядомы з ІХ стагоддзя, калі пасыпалі галовы тым людзям, якія адбывалі публічную пакуту. Другая формула, якая ужываецца пры абрадзе Папяльцовай серады – “навяртайцеся і верце ў Евангелле” - тлумачыць сэнс першай формулы – “памятай, што ты попел і ў попел абернешся”. “Чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Бога. Навяртанне трэба разумець як звярнуцца да першапачатковай задумы Бога адносна нас”, - патлумачыў іерарх.

Па словах біскупа, на пачатку Вялікага посту варта паставіць сабе пытанні: “ці памятаю я аб тым, што створаны па вобразу і задуме Бога”, “ці разумею, што маё жыццё - гэта духоўная сувязь са Створцам: у думках, словах і ўчынках?” “Навяртацца - гэта паставіць Бога ў цэнтры свайго жыцця, - падкрэсліў пінскі ардынарый. - Гэта не толькі адварочвацца ад зла. Трэба павярнуцца да святла Добрай Навіны. Яна сёння паказвае на тры збаўчыя дзеянні: гэта малітва, пост і міласціна”.

Малітва, як адзначыў іерарх, азначае, што “трэба стаць перад Панам з пашанай і любоўю”, “не шкадаваць часу на размову з Богам”. Пост – “не толькі ўстрыманасць ад спажывання ежы, мясных страваў”, але і “ўстрыманасць ад пэўных прыемнасцяў, схільнасцяў”. Міласціна мае на ўвазе “дзяленне не толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі”, але і “дзяленне з іншымі сваім часам”, а яшчэ цяжэй – “сваёй паслугай іншым”.

Біскуп пажадаў, каб Вялікі пост стаў для кожнага з вернікаў Касцёла часам Божай ласкі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.