Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася Імша за кс. Генрыка Тэлімана ў 30-ы дзень пасля смерці
Беларусь - Пінская дыяцэзія
06.03.2014 11:29

5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, у парафіяльным касцеле ў Кобрыне адбылася Імша за святой памяці кс. Генрыка Тэлімана ў 30-ы дзень пасля смерці. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Памаліцца за спачылага на 58-м годзе жыцця і пахаванага на прыкасцёльнай тэрыторыі месяц таму святара, які паходзіў з Кобрына, прыбылі вернікі горада.

На пачатку да сабраных звярнуўся пробашч кобрынскай парафіі кс. Чэслаў Ёйка.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка ў сувязі з пачаткам Вялікага посту заахвоціў вернікаў да велікапосных практык малітвы, посту і міласціны. Іерарх звярнуў увагу, што гэты перыяд з’яўляецца часам ласкі для вернікаў, бо праз рэлігійныя практыкі адбываеццца ачышчэнне як цялеснае, так і духоўнае, самаачышчэнне ўсяго чалавека. Біскуп параўнаў гэта да вясновай паводкі, калі “магутныя воды, бегучы з палёў, запаўняюць раку, ламаюць лёд і прачышчаюць рэчышча”, і такім чынам рака ачышчаецца, несучы ў мора смецце, баласт, які перашкажае ў цячэнні, забруджвае ваду. Такім самаачышчэннем, па словах пінскага ардынарыя, можна назваць і Вялікі пост.

Іерарх адзначыў, што праз рэлігійныя практыкі, прадпісаныя Касцёлам, праз сакрамэнты вернік аднаўляецца духоўна, і важна не перашкаджаць у гэтым ачышчэнні дзеянню Духа Святога. Інакш, па словах біскупа, стан чалавека будзе падобны да плаціны на рацэ, якая затрымлівае імклівую вясновую плынь перад сабой, збірае тое, з чаго рака вясной спрабуе вызваліцца. “У гэтым месцы вада мутная, неачышчаная, бо спаткалася з перашкодай – плацінай, - дадаў іерарх. – Рака там паволі мялее, пакрываецца балотам і высыхае”. Сярод прычын, якія прыводзяць да заняпаду веры і ўзрастанню як рэлігійнай абыякавасці, так і згоды на маральны рэлятывізм і канфармізм у жыцці верніка, біскуп назваў заганы, недасканаласці, кепскія звычкі, лятону ў служэнні Богу і бліжнім.

Як адзначыў пінскі ардынарый, практыка пасыпання галоваў вернікаў у Папяльцовую сераду попелам нагадвае аб тым, што якое б доўгае, цікавае і прыемнае жыццё не меў чалавек, але яно скончыцца. “І настане іншае. Якое? Вечнае жыццё ў шчасці з Богам у небе мы павінны заслужыць справядлівым жыццём на зямлі, выказваючы вернасць Божаму Закону”, - звярнуў увагу біскуп.

Гаворачы пра спачылага кс. Генрыка Тэлімана, іерарх адзначыў, што ён спачатку добра падрыхтаваўся, як вынікае з яго біяграфіі, да свецкага жыцця: скончыў школу, прафтэхвучылішча, прэстыжны Маскоўскі ўніверсітэт, меў пасаду выкладчыка ВНУ ва Украіне, потым у Брэсце. “Але такое бяспечнае свецкае жыццё ў тагачасным Савецкім Саюзе яго не задаволіла. Ужо ў сталым узросце ён гэта пакінуў і пайшоў за голасам Хрыста, які яго клікаў да служэння ў святарстве, - дадаў біскуп. - Гэта прыклад для сучасных людзей, каб адважна ішлі дарогай святарства”. Пінскі ардынарый узгадаў, што апошнія гады жыцця спачылага былі пазначаны крыжам хваробы, які ён таксама мужна нёс. “Няхай Бог дасць яму вечны адпачынак за шчырае святарскае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі”, - пажадаў біскуп.

Пасля Імшы духавенства і вернікі праспявалі на магіле святара малітвы “Анёл Панскі” і “Вітай, Каралева”. Біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў пробашчу і парафіянам за добры клопат аб месцы пахавання спачылага, дзе ёсць вянкі і кветкі, а ўдзень і ўначы гарыць свечка, добра бачная ад аўтобуснага прыпынка, які знаходзіцца побач за мурам прыкасцёльнай тэрыторыі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.