Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка падчас Песняў Жальбы ў Пінску: Вялікі пост - добрая нагода працы над сабой
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.03.2014 11:27

9 сакавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў у пінскім катэдральным касцёле набажэнства Песняў Жальбы. Іерарх звярнуўся да вернікаў з гаміліяй.

Біскуп звярнуў увагу на абраз, які знаходзіцца ў сярэдняй бакавой правай наве касцёла, на якім прадстаўлены суд Пілата над Езусам. “Езус прымае прысуд і бачыць твары з вуснамі, перапоўненымі злосцю, і рукі, якія жадаюць помсты, - сказаў іерарх. - Езус прымае несправядлівы прысуд, каб перапрасіць Бога Айца за ўсе несправядлівыя прысуды, якія ва ўсім свеце здзейснілі, здзяйсняюць ці здзейсняць суддзі і маладушныя людзі, кіруючыся так, як першасвятары, Пілат, сваімі інтарэсамі і не шукаючы праўды. У прысудзе Езуса ўвасоблены цярпенні тых, якія нявінна былі і будуць асуджаны недасканалым чалавечым судом. Езус дае прыклад, што праз пакорлівае прыманне несправядлівых прысудаў у крытычных сітуацыях нельга адчайвацца, паддавацца роспачы”.

“Асуджэнне Езуса на смерць на крыжы ўводзіць нас у роздум аб суджэннях, якія мы выдаём. Бог дае чалавеку дар мовы. Як мы яго выкарыстоўваем? – паставіў пытанне біскуп. - Грахом абмовы, ачарнення прыніжаем чалавека, а часамі руйнуем яго кар’еру, славу, над якой ён працаваў (...) Ад асуджэння не схавае і не абароніць ні ўзрост, ні пол, ні статус, ні адукацыя, род заняткаў, нават сутана, габіт і мур семінарыі альбо кляштара. Гэта д’ябал выкарыстоўвае розныя спосабы, каб з дапамогай такога маленькага члена нашага арганізму, якім з’яўляецца язык, рабіць часамі спусташальную, разбуральную працу, выправіць якую часамі няма аніякай магчымасці. Гэта як знішчальны паток, які нішчыць усё на шляху  - пасевы, пабудовы, масты, плаціны”.

Па словах пінскага ардынарыя, Евангелле гэтай нядзелі “павучае нас, як мы павінны весці барацьбу з такім злом, як плёткі, асуджэнне, паклёп”. “Мы не павінны падпускаць д’ябла асуджэння блізка сябе, - падкрэсліў біскуп. -  А асуджаны Езус заўсёды нас перасцерагае перад несправядлівымі, павярхоўнымі, суровымі асуджэннямі блізкіх. Благаслаўлёны Ян ХХІІІ, да кананізацыі якога ў красавіку мы рыхтуемся, пакінуў з маладосці запіскі семінарыста, святара, у якіх пазначаў штодзённа працу над здабыццём цноты, над перамогай над сабой у сваіх слабасцях. Добрай нагодай працы над сабой з’яўляецца Вялікі пост”.

Іерарх звярнуў увагу, што дадзены абраз у пінскай катэдры “кожнаму, хто ідзе да споведзі, нагадвае, каб інтэнцыя была шчырай”, “каб не баяцца выказаць грахі святару”. “Езус разумее нас, якія робяць рахунак сумлення, разумее стан асуджанага, бо сам быў асуджаны несправядлівым судом Пілата”, - дадаў біскуп.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.