13 сакавіка, у гадавіну абрання Папы Францішка, урачыстая Імша адбылася ў катэдральным касцёле ў Пінску. Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў, выкладчыкаў, выхавацеляў, духавенства курыі і катэдральнай парафіі, кансэкраваных асобаў узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
“Мы сёння дзякуем Богу за служэнне Папы Францішка”, - адзначыў іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы.
Біскуп адзначыў, што “Касцёл - гэта плод ахвяры Хрыста на Крыжы”. Пінскі ардынарый узгадаў словы благаслаўлёнага Яна ХХІІІ, кананізацыя якога адбудзецца ў Ватыкане 27 красавіка, які вучыў, што Касцёл Езуса Хрыста “з’яўляецца матэрыяльнай святыняй, якая паўстае там, дзе злучаюцца чатыры камяні, каб утварыць алтар”. “Касцёл, аднак, з’яўляецца перадусім духоўнай святыняй, у якой кожны хрысціянін займае сваё месца, якое зможа знайсці і адносна якога мае свядомасць, што яго абавязак – утрымаць яго з пашанай, годнасцю і ветлівасцю”, - дадаў біскуп.
Іерарх нагадаў сабраным пра некаторыя важныя моманты, якімі запомніўся першы год служэння Папы Францішка: “на пачатку Пантыфікату Папа звярнуў увагу на тое, каб не забывацца пра бедных”, “нагадаў пра важнасць падтрымліваць лучнасць з Эўхарыстычным Хрыстом, калі заклікаў: адчыніце дзверы касцёлаў”, “заклікаў да таго, каб непаразуменні і канфлікты ў свеце паміж народамі і ўнутраныя напружанні вырашаліся не сілай, але з дапамогай перамоў”, і “ў крытычныя хвіліны, калі канфлікт унутраны пераходзіў у міжнародны, заклікаў дыпламатаў да напружанай працы ў тым накірунку, каб пазбегнуць яго, а вернікаў Касцёла і людзей добрай волі - да малітвы і посту”, “Папа працягнуў пастаральную традыцыю мінулых Пантыфікатаў, і Касцёл рыхтуецца да Сіноду па справах сям’і, сусветных сустрэч сем’яў, моладзі”.
“Нам прыемна, што Папа таксама не аднойчы звяртаў сваю ўвагу на Беларусь, калі праз Апостальскага Нунцыя перадаў выразы павагі да звычайнай жанчыны – Ядвігі Пастэрнак, каталічкі з Вілейшчыны, за яе вернасць Касцёлу падчас пераследу, - дадаў біскуп Антоні Дзям’янка, - прыемна ад рознай падтрымкі, якую наш Касцёл атрымоўвае праз пасрэдніцтва Апостальскага Нунцыя ў Беларусі”. Пінскі ардынарый нагадаў, што “дзякуючы рашэнням Папы Францішка іерархія партыкулярнага Касцёла ў Беларусі ў апошнія месяцы павялічылася на трох новых біскупаў”.
“Сёння, у першую гадавіну абрання на Святы Пасад Папы Францішка, мы дзякуем Пану за нашага брата, першасвятара і настаўніка”, - сказаў біскуп, заахвоціўшы прысутных маліцца аб тым, каб “мы, услухоўваючыся ў словы Папы і наследуючы стыль яго служэння, дасягнулі сваю мэту ў Касцёле і грамадстве” і каб Бог “захаваў Святога Айца для дабра Касцёла на многія гады”. (AG)
|