Біскуп Антоні Дзям'янка наведаў некаторыя парафіі Гомельшчыны |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
24.03.2014 16:07 |
23 сакавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафіі ў Жыткавічах, Лельчыцах, Ельску, Жлобіне і Петрыкаве. Адбылася сустрэча іерарха з душпастырамі гэтых парафій, а таксама з вернікамі.
Святую Імшу біскуп цэлебраваў у парафіі Лельчыцы. Іерарх узначаліў «Песьні жальбы» і прамовіў пасійнае казанне на тэму адказнасці хрысціяніна за выкарыстанне дару мовы.
Пробашч парафіі кс. Віталь Мысонаў прывітаў біскупа і распавёў аб душпастырстве ў парафіях у Жыткавічах і Лельчыцах. Святар падзяліўся сваімі планамі па аднаўленні святыняў у гэтых парафіях і распавёў аб добраўпарадкаванні разам з вернікамі прыкасцёльнай тэрыторыі.
Пробашч парафіі ў Ельску кс. Вінцэнт Сяўрук распавёў аб працах па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля капліцы, якая паўстала ў гэтай мясцовасці дзякуючы намаганням людзей добрай волі ў мінулым годзе.
Пробашч парафіі ў Жлобіне кс. Анджэй Мажэц выказаўся аб планах далейшай будовы касцёла ў новым мікрараёне горада, аб этапах прац на гэты год: завяршэнні ўзвядзення сцен і праекце канструкцыі даху касцёла, а таксама аб падрыхтоўцы вернікаў да велікапосных рэкалекцый у парафіі.
Пробашч парафіі ў Петрыкаве кс. Аляксандр Драбышэўскі распавёў аб завяршэнні працы з дакументацыяй касцёльнай маёмасці гэтай парафіі, аб праведзенай грунтоўнай працы па ўзмацненні фундаментаў касцёла і аб планах душпастырства ў будучыні.
Кс.Андрэй Рылка
|
Фотарэпартаж |