У Пінскай дыяцэзіі праходзіць двухдзённая сустрэча катэхетаў. Яна адкрылася 26 сакавіка ў капліцы Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Звяртаючыся да прысутных катэхетаў, іерарх адзначыў, што моліцца разам з тымі, “хто з’яўляецца сведкамі веры ў адносінах да дзяцей, моладзі, людзей сталага ўзросту”.
Пінскі ардынарый нагадаў словы Папы Францішка, у адпаведнасці з якімі “нельга верыць у адзіноце”, “бо вера не з’яўляецца выбарам, які стаўся ўнутры веруючага, не з’яўляецца ізаляванымі адносінамі паміж верным “я” і “Ты” – Богам”: “яна па сваёй прыродзе адкрываецца на “мы””. Таксама іерарх узгадаў навучанне Яна ХХІІІ, да кананізацыі якога рыхтуецца Касцёл, аб катэхэзе, паводле якога “немагчымым было б хрысціянскае навучанне і выхаванне, якое задавольвалася б толькі сухім і агульным пераказам формаў Катэхізіса і наказаў хрысціянскай маральнасці без сувязі з практычным жыццём”: “у такім выпадку было б вялікай небяспекай увесці ў Касцёл пасіўны натоўп”. Катэхізіс, па словах біскупа, “з’яўляецца багаццем, якое нельга параўнаць ні з чым і нельга яго замяніць, таму што паходзіць з Божых кніг Старога і Новага Запавету і з жывога навучання Касцёла”. “Няхай Катэхізіс будзе для вас лямпай, якая асвятляе дарогу, што вас чакае”. – пажадаў іерарх прысутным катэхетам.
Біскуп падкрэсліў, што катэхет - гэта “слуга слова”, і яны “павінны быць найлепшымі ў веданні Божага слова”, “Божае слова павінна быць зместам” іх любові і прамовіць праз іх “добразычлівасць, служэнне, ветлівасць, гуманізм і вернасць”.
Па словах пінскага ардынарыя, ува многім ад катэхетаў “будзе залежаць рэлігійнасць наступных пакаленняў”, а быць катэхетам – “вялікае заданне, адказнасць і вялікі гонар”. “Вы атрымалі місію навучання катэхезы, каб быць працягам голасу біскупа, голасу пробашча. І я прашу Пана Бога, каб у меру магчымасцяў вы выканалі гэтае заданне згодна з сумленнем”, - дадаў іерарх.
У праграме сустрэчы катэхетаў – канферэнцыі, праца ў групах, Імша на заканчэнне. (AG)
|