Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі і свята Легіёну Марыі прайшлі ў Мазыры |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
07.04.2014 11:56 |
Час Вялікага посту — гэта перыяд духоўнага ачышчэння, удасканалення і пакаяння. Менавіта да гэтага часу былі прымеркаваны рэкалекцыі ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Мазыры, якія праходзілі з 3 па 5 красавіка. Па запрашэнні пробашча касцёла кс. Тадэвуша Воласа рэкалекцыі праводзіў кс. Алег Шпет з Ганцавічаў. Духоўныя практыкаванні дапамагалі вернікам зразумець глыбокі духоўны сэнс Вялікага посту, падрыхтавацца да споведзі і пакаяння перад Богам. Духоўныя песні пад гітару ўпрыгожвалі рэкалекцыі. Час рэкалекцый прыйшоўся на пятніцу Вялікага посту, калі ў касцёлах праходзіць Крыжовы шлях, што аднаўляе ў памяці асноўныя моманты пакут Езуса Хрыста, а таксама на першую суботу месяца, калі вернікі збіраюцца на асаблівую службу ў гонар Панны Марыі і моляцца Ружанец. Апошні дзень рэкалекцый супаў з іншай святам — Легіёну Марыі «Acies», якое адбылося 5 красавіка. Лацінскае слова «Acies» азначае войска ў баявым строі і апісвае ўрачыстасць, падчас якой легіянеры збіраюцца разам, каб аднавіць сваю прысягу вернасці ў адносінах да Марыі, Каралевы Легіёна, і атрымаць ад Яе і благаслаўленне на наступны год барацьбы з сіламі зла. На свята Легіёну Марыі ў Мазыр прыехалі легіянеры з Петрыкава, Лельчыц, Хойнікаў, Калінкавічаў і іншых гарадоў. Для абнаўлення сваіх абяцанняў на вернасць Марыі яны па чарзе падыходзілі да знака Легіёну Марыі з белымі ружамі ў руках і прамаўлялі словы прысягі: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Мацi мая, і ўсё, што маю, належыць Табе». «Acies» скончыўся гімнам Легіёну Марыі. Людміла Лапціева, Вераніка Лапціева
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.