13 красавіка, у Пальмовую нядзелю, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстую Імшу ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх падкрэсліў, звяртаючыся да вернікаў, што Езуса важна разумець “як нашага духоўнага правадніка”, “каб Ён быў Панам нашых душаў”.
Біскуп узгадаў у гаміліі, што Пальмовая нядзеля – гэта дзень, калі ў Ерузалеме людзі з энтузіязмам віталі Езуса, які прыбыў туды пасля трохгадовага публічнага навучання і стаўшы ўжо вядомай асобай у Ізраэлі. Вядомасці Езуса, дадаў іерарх, спрыяла і тое, што Ён уваскрасіў свайго сябра Лазара, і многія людзі ішлі прывітаць Яго.
“Езуса ўрачыста віталі як валадара, караля, словамі “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны Той, хто прыходзіць у імя Пана!” Але энтузіязм натоўпу радыкальна змяніўся ў Вялікую пятніцу: цяпер тыя ж людзі крычалі: “На крыж Яго!”” – адзначыў пінскі ардынарый.
Тлумачачы, чаму так здарылася, біскуп нагадаў вернікам, што ізраэльскі народ у той час быў залежны ад рымскага імператара, але выношваў у сабе ідэю дзяржаўнай незалежнасці і свабоды народа; Езус жа “не прыйшоў, каб палітычна, эканамічна паўплываць на сітуацыю, але прыйшоў, каб збавіць усіх людзей ад граху”, што здзейсніў на крыжы ў Вялікую пятніцу. Людзі ж, па словах біскупа, “хацелі такога правадніка, які б адпавядаў іх зямным інтарэсам, а Езус быў па-над гэтым”; людзі “жылі ў падмане і не ўспрымалі навуку Езуса так, як належыць, але так, як ім хацелася, прыстасоўваючы яе да рэальнасці зямнога быцця”.
“Разважаючы над гэтым, мы ў Пальмовую нядзелю ўспрымаем Езуса як нашага духоўнага правадніка, хочам, каб Ён быў Панам нашых душаў, - падкрэсліў іерарх. - Таму варта задумацца: хто для мяне Езус? Гэта той, хто толькі павінен вырашаць мае штодзённыя, эканамічныя праблемы, і больш я ад Яго не хачу нічога? Але Езус жадае ўзняць наш позірк вышэй – да нябёсаў, і перш за ўсё Ён прыйшоў, каб даць нам жыццё вечнае”. Анастасія Грышан
|