Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана ў Пінску: “Крыж – наш ратунак”
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.04.2014 10:43

У Вялікую пятніцу ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску вернікі ўзгадалі пакуты і смерць Хрыста пачас літургіі Мукі Пана, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Вялікая пятніца — дзень, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, Касцёл перажывае ўкрыжаванне Божага Сына, які ўзяў на сябе грахі свету.

Цэнтральнай часткай літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў сімвалічную грабніцу.

У гаміліі біскуп назваў Хрыстовы крыж “пачаткам усялякага дабра”. “Крыж нас вызваліў з няволі граху, праз крыж зямля сталася небам. Крыж паказаў нам праўду, паяднаў з намі Бога. Крыж знішчыў злосць д’ябла. Калі ўзвысіўся крыж, заяснела чысціня і святло любові. Крыж прынёс супакой у нашае жыццё”, - адзначыў пінскі ардынарый.

Іерарх нагадаў, што раней “крыжам нельга было ганарыцца”, “для габрэяў ён быў знакам пракляцця, адкінутасці ад Бога, для рымлян – жудаснай прыладай катавання тых, хто імкнуўся вызваліцца з-пад іх улады”, цяпер жа “ў знаку крыжа бачым благаслаўленне і надзею на жыццё”.

“У чалавечай супольнасці для Езуса не было месца - калі нарадзіўся ў Бэтлееме і калі паміраў за мурамі Ерузалема. Прыйшоў да сваіх, а свае Яго не прынялі”, - дадаў біскуп, згадаўшы, што так адбываецца “не толькі тады, але і цяпер, у нашыя часы”: “няма месца для Езуса ў сэрцы многіх”, “але іх рукі свабодныя, і таму могуць прыбіць Яго да крыжа альбо выкінуць на сметнік”.

Па словах іерарха, “для свету знак крыжа азначае адсутнасць надзеі, для вернікаў жа ён знак жыцця і пачатак надзеі”. “Таму паўтараем да апошняга: Езу, успомні пра мяне, калі ўвойдзеш у сваё Валадарства”, - адзначыў біскуп.

Пінскі ардынарый заўважыў, што сэнс Крыжовага шляху – “не толькі ў спачуванні”, узгадаўшы тут словы Хрыста “не плачце аба Мне, але аб сабе і вашых дзецях”. Па словах іерарха, “Пасхальная таямніца - гэта пераход з адасобленасці да супольнасці, з граху да ласкі, са смерці да жыцця”.

Біскуп звярнуў увагу, што “як няма Езуса без крыжа, так і вучня Езуса не можа быць без крыжа”, “не трэба шукаць крыжа, але з любоўю прыняць Божую волю”, бо “крыж - гэта не толькі цяжар, але наш ратунак”.

Іерарх нагадаў таксама, што Эўхарыстыя – “задатак новага жыцця”: “колькі разоў спажываеце гэты хлеб альбо п’яце з келіха, абвяшчаеце смерць Пана і Яго прыйсце”, і “кожны, хто спажывае той хлеб, будзе жыць на векі”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.