Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гомельскім Доме міласэрнасці зладзілі велікодны абед для жабракоў і бяздомных
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.04.2014 10:29

23 красавіка ў гомельскім Доме міласэрнасці сёстры каталіцкага ордэна Місіянерак Любові (сёстры Маці Тэрэзы) зладзілі велікодны абед для мясцовых жабракоў і бяздомных. На абедзе сабраліся каля ста чалавек. Дапамагалі сёстрам парафіяне і вікарый гомельскай парафіі кс. Дамінік Шыманскі.

Пасля чытання Евангелля пра Уваскрасенне Езуса Хрыста святар, звяртаючыся да прысутных, сказаў: “У кожнага з вас таксама ёсць свая труна: хтосьці не можа знайсці жыллё, працу або кінуць піць. Але Пан хоча, каб кожны з вас таксама ўваскрос. Таму давярайце Яму сваё жыццё. І абвяшчайце Хрыста Уваскрослага сярод сваіх блізкіх”.

Перад абедам усе разам памаліліся і праспявалі велікодныя песні. Потым жабракам раздалі пачастункі.

Адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці сясцёр ордэна Маці Тэрэзы дзейнічае ў Гомелі ўжо больш за 20 гадоў. Сёстры ордэна маці Тэрэзы ў Гомелі займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом міласэрнасці служыць прытулкам для хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, а ўлетку запрашаюць дзяцей з малазабяспечаных і праблемных сем'яў правесці «Канікулы з Богам» у дзіцячым лагеры. Па нядзелях дзеці прыходзяць на заняткі ў нядзельнай школе. Вернікі дапамагаюць карміць беднякоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Фота гомельскага каталіцкага сайта

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.