1 мая ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася ўрачыстая Імша ў гадавіну яго кансэкрацыі. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Звяртаючыся да сабраных вернікаў, іерарх адзначыў, што кансэкрацыя “дому малітвы з’яўляецца святам для супольнасці - і парафіяльнай, і дыяцэзіяльнай”. “Гэта дом нашых малітваў, - заўважыў біскуп, кажучы пра пінскую катэдру, - і мы самі з’яўляемся домам Бога. Як Божы дом, мы будуемся ў гэтым свеце, каб пры яго заканчэнні былі асвячаны. Будоўлі спадарожнічае праца, а асвячэнню радасць”.
Пінскі ардынарый узгадаў, што святы Аўгустын параўноўваў працу над удасканаленнем хрысціянскага ладу жыцця да будоўлі: найперш на будоўлю звозіцца будматэрыял, затым будаўнікі надаюць форму і ўкладваюць сцены, дах і іншае. “Таксама праз хрост мы становімся Божай будоўляй, але праз іншыя сакрамэнты ўдасканальваецца такая будоўля, каб напрыканцы жыцця стаць перад Панам з дасканалымі формамі”, - патлумачыў іерарх.
Біскуп нагадаў таксама гісторыю пінскай катэдры. Першы касцёл на гэтым месцы, фундатарам якога быў пінскі князь Зыгмунт Кейстутавіч, з’явіўся ў 1396 годзе. У 1925 г. касцёл быў узвышаны Папам Піем ХІ да годнасці катэдральнага. Аднова пазалоты алтароў, рэстаўрацыя святыні ўнутры і звонку былі праведзены ў мінулыя дзесяцігоддзі кардыналам Казімірам Свёнткам пры падтрымцы духавенства і вернікаў.
“У святыні ёсць алтар. Таму кожны з нас, хто рупліва ў гэтай святыні моліцца, прадстаўляючы Богу просьбы, падзякі, мольбы і прашэнні ў розныя гадзіны сутак - той і з’яўляецца тым матэрыялам, тым каменем, з якога Пан будуе алтар, - падкрэсліў біскуп. – Тыя, хто здольны адным духам і адным голасам маліцца, годныя, каб быць адным алтаром, на якім Езус складае ахвяру Айцу”.
Іерарх пажадаў, каб пінская катэдра надалей спрыяла “духоўнаму ўмацаванню, аднаўленню ўсіх тых, хто яе наведвае”. (AG)
|