У вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна 10 мая правялі раскопкі, добраўпарадкаванне і асвячэнне пахавальні шляхецкага роду Фашчаў, якія жылі ў гэтай мясцовасці. Акцыя прайшла ў рамках праекта «Грабаўскі парк», ініцыяванага аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза і прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў.
Пахаванне адносіцца да ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. З прыходам савецкай улады спадчына Фашчаў было знішчана, у 1926 годзе каталіцкую капліцу, якая стаяла каля пахавальні, разбурылі, а магілы закінулі. У пачатку 2000-х гадоў дырэктар мясцовай школы Таццяна Мацюшэнка заўважыла, што ў склепе марадзёры прабілі дзірку, таму сіламі мясцовых жыхароў на магілы паклалі бетонную пліту, каб захаваць іх.
Вядома, што ў адным са скляпоў знаходзяцца дзве металічныя труны, у адной з іх пахавана жанчына - гэта вызначылі па абутку і па валасах.
Раскопкі і добраўпарадкаванне пахавальні праводзяць студэнты гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта, члены гуртка «Ваколіца» і валанцёры.
Каардынатар праекта «Грабаўскі парк», загадчык раённым метадычным кабінетам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Уладзімір Александронец запрасіў кс. Славаміра Ласкоўскага для малітвы за памерлых, целы якіх спачываюць у магільнях, і асвячэння пахавальні. Святар гарантаваў дапамогу па вырабе новых трунаў і аднаўленню разбуранай часткі пахавальні.
У якасці падарунка ўсім удзельнікам акцыі кс. Славамір Ласкоўскі ўручыў кнігу Уладзіміра Васькова «Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны».
Часткі надмагілляў ў савецкі час былі завезеныя ў суседнюю вёску, дзе з іх збудавалі помнік паэту Уладзіміру Маякоўскаму. Цяпер гэтыя часткі надмагілляў вяртаюць назад для аднаўлення пахавальні. Таксама плануецца падрыхтаваць прапанову аб наданні магільнаму склепу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта (AG) Фота гомельскага каталіцкага сайта
|