Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ва ўрачыстасць тытулу касцёла ў Баранавічах: Маці Божая Фацімская апякуецца кожным з нас (+ фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.05.2014 21:32

13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы, касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адзначаў урачыстасць свайго тытулу. Урачыстасць праходзіла таксама ў межах першага года падрыхтоўкі да 100-годдзя Фацімскіх аб'яўленняў. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Іерарх нагадаў у гаміліі, што аб’яўленні Маці Божай у Фаціме пачаліся 13 мая 1917 года заклікам да трох малых дзяцей і гучаў так: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. “Выкананне гэтага закліку Марыя звязвае са здабыццём духоўнай свабоды, - дадаў біскуп. - Таму Марыя стала асаблівым знакам для тых, хто імкнецца быць свабодным ад граху. Яна - асаблівы знак надзеі”.

“У святле сённяшніх падзей Марыя як бы нанова адкрывае нам Евангелле, для нас і ўсяго чалавецтва, - адзначыў пінскі ардынарый. - Яна заўважае ў нашыя часы вялікую небяспеку, якую нясе грэх, нявер’е. Пагрозу, якая не дазваляе, каб справа збаўлення была дзейснай у чалавечых душах”. Па словах іерарха, гэта таксама і “клопат аб жыцці кожнага дзіцяці, кожнай чалавечай істоты”. “Маці Хрыста становіцца Маці ўсяго чалавецтва, Маці Касцёла, Маці кожнага з нас, - падкрэсліў іерарх. - Навяртацца – гэта навяртацца да Хрыста, да Касцёла, да Евангелля, але і прыняць запрашэнне Марыі, каб быць годнымі дзецьмі такой вялікай, святой Маці, якая адначасова і Маці Езуса, і наша Маці”.

“На што спадзяецца Маці Божая? На паглыбленне і аднаўленне веры, аднаўленне міжнародных адносін, пераадоленне духоўнай слабасці, граху, знеахвочвання і інертнасці, абыякавасці, аднаўленне малітвы, гатоўнасць ахвярнасці, - патлумачыў пінскі ардынарый. - Гэта ўсё азначае паглыбленне рэлігійнага жыцця”.

Біскуп падкрэсліў, што “па прыкладзе св. Яна неабходна трываць пры Хрысце, узяць Марыю ў свой дом”, а вонкавым знакам гэтага “з’яўляецца Ружанец, малітва, у якой Марыя моліцца, злучаная з намі, а мы з Ёю”.

“Маці Божая Фацімская апякуецца кожным з нас, - адзначыў біскуп, звяртаючыся да вернікаў баранавіцкай парафіі. - Не бойцеся, што Яна можа калісьці адысці і пакінуць вас. Яна не пакідае сваіх дзяцей. Яна верна стаяла пад крыжам Сына, там асаблівым чынам сталася нашай Маці. Марыя ніколі не адыходзіць ні ад чыйго крыжа, Яна заўсёды там, дзе Яе дзеці, вучні Яе Сына”.

Біскуп Антоні Дзям’янка заклікаў прысутных вернікаў даверыцца Маці Божай усёй парафіяй, даверыць Ёй “кожнае дзіця, сужэнства, людзей сталага ўзросту, усіх хворых і церпячых”, верачы ў Яе “магутнае Матчына заступніцтва”.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.