Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Драгічыне асвячаны вуглавы камень пад новы касцёл
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.05.2014 21:04

16 мая ў Драгічыне адбылося асвячэнне вуглавога каменя пад новы парафіяльны касцёл Маці Божай Каралевы. У гэты дзень Пінская дыяцэзія адзначала ўрачыстасць свайго апекуна – св. Андрэя Баболі. У парафію прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Да гэтага часу набажэнствы ў Драгічыне праходзілі ў капліцы.

Біскуп звярнуў увагу ў гаміліі, што ва ўспамін св. Андрэя Баболі, апекуна дыяцэзіі і Палесся, у цэнтры горада адчыняюцца дзверы новага парафіяльнага касцёла, і гэта “вялікі дзень для Драгічына і Пінскай дыяцэзіі”. Іерарх нагадаў, што ў міжваенныя гады там быў збудаваны касцёл, але ў перыяд атэізму быў забраны ў вернікаў і выкарыстоўваўся для іншых мэтаў. Стараннямі парафіянаў і былога пробашча кс. Тадэвуша Стэчкоўскага была набыта звычайная хата і невялікі ўчастак зямлі, дзе ў заснавалі капліцу.

“Мы сёння дзякуем Богу за існаванне парафіі і за гэты год, за які быў збудаваны прыгожы касцёл, - дадаў пінскі ардынарый. - Вечны супакой кс. Тадэвушу Стэчкоўскаму за яго працу. Няхай добры Бог благаславіць цяперашняму пробашчу кс. Паўлу Кручэку, які ахвярна працуе ў вашай парафіі. Богу дзякуем за кожны сакрамэнт які тут быў удзелены (...) за кожны чын міласэрнасці, і за далонь, якая накарміла галоднага, напаіла сасмяглага і адчыніла дзверы свайго дома бяздомнаму”.

Па словах іерарха, новы касцёл “цешыць вока і радуе сэрца” таму, што “касцёл - гэта справа веры і справа сэрца”. “Сцены касцёла збудаваны з тысячы цаглін за кошт адрачэнняў, адмаўлення сабе ў многіх патрэбных рэчах, - адзначыў біскуп. - Вонкавы выгляд святыні - гэта многія малітвы бацькоў, маці, хворых, дзяцей і добразычлівых падарожных людзей. Такога будматэрыялу нельга купіць нават за вялікі кошт”.

“Якія будынкі мы будзем паказваць у будучыні ў нашых гарадах і пасёлках? Гэта касцёлы, - дадаў біскуп. - Наступныя пакаленні прачытаюць са сценаў і любоў, і веру, і надзею, і сціпласць, і працу многіх рук”. Іерарх падкрэсліў, што нават у эканамічна цяжкія часы будуюцца святыні, таму што іх будуюць не абавязкова багатыя людзі, але людзі веруючыя.

“За гэтую святыню, за гэтую веру, любоў і ахвярнасць няхай будзе нястомна і заўсёды праслаўлены Бог, - пажадаў пінскі ардынарый. - Ваша святыня вечна будзе абвяшчаць навіну аб Збаўленні.  Кожную нядзелю яна будзе абвяшчаць, што Езус уваскрос, што Ён жыве, што смерць была пераможана назаўсёды. Так святыня пачынае жыць і прамаўляць да жыхароў і праезжых. Са сцен святыні прамаўляюць да наступных пакаленняў вера, сціпласць, цярпенне і малітва тых, хто будуе дамы нашаму Богу”.

Іерарх заахвоціў сабраных даверыць далейшае развіццё драгічынскай парафіі Маці Божай Каралеве, пад тытулам якой яна паўстала.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.