Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Іванаве адбылася ўрачыстасць у гонар св. Андрэя Баболі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.05.2014 15:56

16 мая Пінская дыяцэзія адзначала ўрачыстасць свайго галоўнага апекуна – св. Андрэя Баболі. Цэнтральныя ўрачыстасці, якія ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, адбыліся ў Іванаве – месцы, дзе святы прыняў за каталіцкую веру мучаніцкую смерць ад казакоў.

Ва ўрачыстасцях удзельнічалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, шматлікія пілігрымы.

У 2013 г. адзначалася 75-годдзe кананізацыі св. Андрэя Баболі, з гэтай нагоды біскуп Антоні Дзям’янка абвясціў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве санктуарыем, каб культ святога Андрэя Баболі распаўсюджваўся на Палессі і ва ўсёй краіне. У іванаўскім касцёле знаходзіцца рэліквія – рабро св. Андрэя Баболі.

Распачалася ўрачыстасць каля крыжоў на месцы гібелі св. Андрэя Баболі, месцы яго апошняй малітвы і апошняга сведчання веры, дзе ён быў схоплены і дзе пачалася яго мучаніцкая смерць. Ля крыжоў сабраліся вернікі і духавенства.

Ад крыжоў працэсія, у якой неслі рэліквіі святога, вырушыла ў касцёл, дзе біскуп Антоні Дзям'янка ўзначаліў урачыстую Эўхарыстыю. У гаміліі іерарх заахвоціў сабраных адважна крочыць за Езусам, а ўзорам такой сапраўднай адвагі для ўсіх сучасных людзей назваў св. Андрэя Баболю, чыя кроў акрапіла зямлю Беларусі.

Святы Андрэй Баболя з’яўляецца таксама апекуном справы евангелізацыі ў цяжкія часы, апекуном еднасці Касцёла, апекуном Пінскай дыяцэзіі і ўсяго Палесся, апекуном працаўнікоў чыгункі. З гэтай нагоды біскуп заклікаў прысутных быць носьбітамі еднасці і міру ў сваіх дамах і супольнасцях.  

Урачыстасць завяршылася ўшанаваннем рэліквій святога.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.