21 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылася сустрэча маладых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. На сустрэчу прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў Імшу.
Iерарх адзначыў, што бягучы год асаблівы для Беларусі тым, што адзначаецца 100-годдзе з часу нараджэння святароў, “якія мелі вялікія заслугі перад Касцёлам у нашай краіне, асабліва за евангелізацыю падчас мінулых дзесяцігоддзяў”, - гэтымі святарамі з’яўляюцца кардынал Казімір Свёнтэк, кс. прэлат Люцыян Хмялёвец, кс. Ежы Росяк. Біскуп дадаў, што кожнага з іх ведаў асабіста, супольна працаваў з імі.
“Кардынала Свёнтка я ведаў з малых год таму, што ён прыязджаў на імяніны да нашага пробашча ў парафію. Як семінарыст, малады святар я неаднойчы сустракаўся з ім. Ён быў маім непасрэдным кіраўніком як Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі з 1989 па 1991 год, у Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі - як старшыня на працягу шасці год, як Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі - з 2004 па 2006 год”, - узгадаў біскуп.
“На працягу больш за 50 год ён кожны дзень пешшу праходзіў у Пінску са свайго доміка на вул. Шаўчэнка ў катэдру, каб цэлебраваць святую Імшу. Пасля смерці кс. Станіслава Рыжка ездзіў пяць год у Лагішын з душпастырскай паслугай. Клапаціўся аб прыгажосці касцёлаў. Гэта яго намаганнямі ў эканамічна цяжкія часы быў адноўлены катэдральны касцёл. У Пінскай дыяцэзіі 90% збудаваных і адбудаваных святынь прыпадае на гады яго працы, - дадаў пінскі ардынарый, распавядаючы пра кардынала. - Яго можна назваць Божым аптымістам і рамантыкам, які не ўмеў наракаць, але стойка вытрымліваў усе цяжкасці нясення Евангелля ў асяроддзе, у якім жыў сам. Ён меў давер да людзей і сваім прыкладам мабілізаваў іншых, каб такім чынам служыць Богу і людзям у Касцёле”.
Іерарх нагадаў пра кс. Люцыяна Хмялёўца – свайго былога пробашча. “Ён прывёў мяне да Першай Камуніі, дапамог знайсці шляхі пасля заканчэння сярэдняй школы і падрыхтавацца да святарства, дапамог атрымаць дыспенсу ад узросту пры ўдзяленні сакрамэнту пасвячэння, дапамагаў патаемна атрымаць пасвячэнне, дапамагаў у першыя гады святарства, тады, калі я быў у войску. Ён прадстаўляў мяне да біскупскай сакры ў гродзенскай катэдры ў 1998 годзе, - адзначыў пінскі ардынарый. - Гэта быў святар, якога не палохалі цяжкасці. Ён паўтараў заўсёды: я місіянер і не прызвычайваюся да пэўнага месца”.
Іерарх нагадаў таксама пра кс. Ежы Росяка. “Ён быў пробашчам у суседняй з маёй парафіяй - у Паланэчцы, адведваў нашага пробашча (...) У Навагрудку перадаў мне ў 1985 годзе парафію, - узгадаў біскуп Антоні Дзям’янка. -Запомнілася тое, што ён вельмі добра ведаў тэалогію. Аб гэтым сведчылі многія святары, якія сустракаліся з ім. На кожнае пытанне ён мог адказваць без асаблівай падрыхтоўкі. А пытанняў у мяне як маладога святара да яго было шмат”. Ксёндз Ежы Росяк, па словах іерарха, быў “вельмі кантактоўным чалавекам”, “асабліва добра адчуваў сябе з дзецьмі і моладдзю” – і плаціў штрафы за працу з імі, “таму што ў Савецкім Саюзе нельга было займацца прапагандай рэлігіі”. Гэты святар, як дадаў біскуп, “спазнаў голад і нястачу ў ГУЛАГу” і часта паўтараў людзям: “шануйце хлеб, не марнуйце яго, бо не ведаеце, колькі ёсць галодных людзей”.
“Мы карыстаемся спадчынай гэтых святароў, а ў нашым душпастырстве можам выкарыстаць многае з таго, што яны выпрацавалі”, - дадаў біскуп Пінскі, звяртаючыся да маладых святароў. (AG)
|