Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Св. Зыгмунта ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.05.2014 14:45

24 мая ў парафіі Св. Зыгмунта ў Баранавічах быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Нагодай да сустрэчы іерарха з баранавіцкімі вернікамі паслужыла дата 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, біскупа Пінскай дыяцэзіі з 1991 да 2011 гг, пры якім была заснавана гэтая парафія і збудавана парафіяльная святыня.

Звяртаючыся да вернікаў, біскуп узгадаў, што ў Баранавічах будучы першы кардынал Беларусі, тады гімназіст, прыняў сакрамэнт канфірмацыі ў 1928 годзе з рук біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Нагадваючы, што зараз Касцёл перажывае велікодны перыяд, пінскі ардынарый адзначыў, што гэта “час, калі фарміраваўся Езусам Касцёл – супольнасць, заснаваная Ім выключна дзеля таго, каб жыхарам зямлі розных часоў аж да сканчэння свету дапамагчы дасягнуць вечнае шчасце ў небе”. “Апосталы, напоўненыя дарамі Духа Святога, пайшлі ў свет і занеслі розным народам навіну аб Езусе Хрысце як аб адзіным Збаўцы, - дадаў іерарх. - Яны былі напоўненыя адвагай, смеласцю, мудрасцю (…) І сёння, калі ў вызнанні веры мы прамаўляем: “Веру ў каталіцкі і апостальскі Касцёл” – гэта значыць прызнаем, што прымаем тую навуку Касцёла, якую абвяшчалі апосталы”.

Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, біскуп нагадаў, што тыя, хто яго прымае, называюцца рыцарамі Хрыста, “бо яны асабліва адказныя за справы Касцёла”. “Вы павінны быць руплівымі, каб Касцёл быў заўсёды маладым, здольным да прыняцця новых выклікаў у свеце, - звярнуўся іерарх да прымаючых сакрамэнт. - Пячаткай намашчэння святым алеем вы яшчэ больш замацоўваеце прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла”.

“Дух Святы чакае, калі вы звернецеся да Яго. У Яго шукайце сталасці і святла, неабходных для прыняцця адпаведных жыццёвых выбараў і рашэнняў, - параіў пінскі ардынарый кандыдатам да прыняцця сакрамэнту. - Патрабуйце ад сябе, рабіце сур’ёзныя пастановы і старайцеся іх выканаць. Будзьце людзьмі свабоднымі і радаснымі, якія здольныя выбіраць каштоўнасці і дабро”. Іерарх пажадаў, каб гэты сакрамэнт дапамог ім “у дарозе да сталасці веры, да здольнасці жыць з Богам”, пажадаў “карыстацца ласкай асаблівай прысутнасці Духа Святога”, “адкрыцца на прыняцце Яго дароў”, пажадаў, каб гэты момант застаўся для іх “на ўсё жыццё апорай і моцным духоўным забеспячэннем”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.