Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах асвячана пляцоўка пад пабудову новага касцёла
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.06.2014 23:43

31 мая ў Баранавічах у мікрараёне Бараўкі адбылося асвячэнне пляцоўкі пад пабудову новага касцёла св. Яна Паўла ІІ. Пляцоўку асвяціў і ўзначаліў Імшу біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“Гэта гістарычная падзея, да якой вы імкнуліся доўгі час”, - звярнуўся біскуп да вернікаў, кажучы пра асвячэнне пляцоўкі для новай святыні. “Велічна тое, што вы пачынаеце будаваць касцёл св. Яна Паўла ІІ у год яго кананізацыі”, - дадаў іерарх. Па словах пінскага ардынарыя, “святому можна не толькі здзіўляццца, яго трэба наследаваць”.

Наследаваць св. Яна Паўла ІІ, як заўважыў біскуп, можна ў яго эўхарыстычнай пабожнасці. Гэты Папа, па словах іерарха, штодзённа цэлебраваў Імшу, а рыхтаваўся да яе на каленях, разважаючы на працягу паўгадзіны; любіў моладзь і клапаціўся пра яе, таксама арганізаваў Сусветныя дні моладзі; клапаціўся пра хворых, урачыста цэлебраваў літургію для іх, напісаў дакумент пра тое, як жыць цярпеннем; любіў усіх людзей і шанаваў кожны народ, наведваў у сваіх пілігрымках розныя народы, а выходзячы з самалёта, найперш цалаваў зямлю яе жыхароў.

“Таксама і мясцовы Касцёл у Беларусі праз яго пасрэдніцтва атрымаў добры імпульс да развіцця, хоць Папа Ян Павел ІІ ані разу не наведаў наш край, - дадаў біскуп. - Гэта і новыя, і адноўленыя структуры Касцёла, і намінацыя першага кардынала Беларусі, святары і кансэкраваныя асобы, дапамога ў арганізацыі будовы касцёлаў і харытатыўнай дзейнасці, дапамога ў фармацыйным працэсе да святарскай паслугі, харытатыўнай, катэхетычнай дзейнасці”.

“Святыня, якую будуеце, будзе бачным знакам прысутнасці Бога у вашым мікрараёне Бараўкі, у горадзе Баранавічы, знакам для супольнасці католікаў і людзей добрай волі. Няхай яна стане таксама бачным знакам Бога для тых, хто згубіў дарогу да Яго альбо знаходзіцца толькі ў пошуках Бога”, - пажадаў іерарх.

Пінскі ардынарый нагадаў, што “парафія не з’яўляецца арганізацыяй паслугаў, у якой можна ўсё атрымаць, купіць альбо дастаць, але супольнасцю людзей, якія вераць і практыкуюць, якія злучаныя ў той самай веры і любові Хрыста, утвараюць адзіны Хрыстовы Касцёл”. “Ніхто не здзіўляецца, што вернікі вырашаюцца на пабудову святыні, што засноўваюць парафіі. Гэтага патрабуе сэрца. Гэта вынікае з глыбокага пераканання ў Езусе”, - дадаў біскуп.

Іерарх пажадаў, каб у хуткім часе на гэтым месцы быў пабудаваны “Божы дом, прызначаны вамі для выключна Божых спраў”, каб ён стаў “месцам спаткання з Богам кожнага, хто верыць, і тых, хто Бога шчыра шукае, і тых, якія, навярнуўшыся, зноў знаходзяць дарогу да міласэрнага Збаўцы”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.