Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ва ўспамін св. Антонія Падуанскага: У жыцці мы павінны сеяць любоў
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.06.2014 14:36

13 чэрвеня, ва ўспамін св. Антонія Падуанскага, святара і доктара Касцёла, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу ў катэдральным касцёле Пінска. Падчас Імшы духавенства і вернікі павіншавалі ардынарыя з нагоды ўспаміну яго нябеснага заступніка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, іерарх звярнуў увагу, што ў пінскай катэдры знаходзіцца алтар св. Антонія з прыгожым абразом у сярэбранай сукенцы. Гэты па-мастацку выкананы алтар і вялікі абраз, які ўшаноўваецца там, сведчыць, па словах біскупа, аб глыбокім кульце да гэтага святога, што належаў да супольнасці францішканаў, якія служылі там многія стагоддзі. Пры гэтым алтары, як адзначыў пінскі ардынарый, кожны аўторак збіраюцца дзеці на благаслаўленне, складаецца ахвяра для бедных - так званая ахвяра на хлеб св. Антонія, а ў гэты дзень благаслаўленне перад гэтым алтаром атрымаліваюць немаўляты, якіх маці прывезлі ў калясках, і дзеці на пачатак летніх канікулаў.

Іерарх нагадаў жыццярыс св. Антонія, а таксама адзначыў, што ў сапраўдным кульце святога належыць “не толькі засыпаць просьбамі, але і наследаваць, каб у сённяшніх умовах пазнаць і працягваць стыль яго жыцця”. А тое, што святы Антоній атрымаў ганаровы тытул “евангельскі доктар”, азначае, па словах біскупа, што ён жыў сапраўдным евангельскім жыццём.

“Святы Антоній нагадвае, што мы павінны сеяць вакол сябе зерне Евангелля, - сказаў біскуп. - Нельга баяцца і саромецца гаварыць пра Бога ў нашых дамах, сем’ях, з суседзямі, з дарослымі і дзецьмі. Евангелля, словаў праўды, патрабуе ўвесь свет. Трэба перадаваць яго далей. Гэта задача ўсіх хрысціян, якая вынікае з факту нашага хросту і канфірмацыі”. “Чалавек у свеце штодзённа чуе столькі хлусні - таму трэба абвяшчаць Евангелле, несці надзею”, - заўважыў іерарх.

Звяртаючы ўвагу на прыклад св. Антонія, пінскі ардынарый заахвоціў вернікаў падумаць, як выглядае малітва ў жыцці кожнага з іх. Біскуп адзначыў таксама, што “ў жыцці мы павінны сеяць любоў, добразычлівасць”. “Святы Антоній быў у гэтым майстрам. Ён абараняў бедных, прыгнечаных, хацеў, каб людзі жылі паміж сабой у згодзе, каб не знішчалі,  не тапталі, не прыніжалі адзін аднаго”, - дадаў іерарх.

Біскуп заклікаў удзельнікаў Імшы “цаніць сяброўства з Богам, жыццё ў асвячаючай ласцы”, бо “нармальны стан хрысціяніна - жыццё ў Божай ласцы, у прыязні з Богам, а не жыццё ў граху”, старацца жыць так, як св. Антоній, і “так, як ён, любіць Бога і чалавека”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.