Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выпускны вечар прайшоў у Катэхетычным каледжы ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.06.2014 11:15
14 чэрвеня дзверы Катэхетычнага каледжа расчыніліся для былых студэнтаў, сяброў і гасцей навучальнай установы. Усе яны прыйшлі, каб раздзяліць радасць выпускнікоў, для якіх сёлета, пасля здачы выпускных экзаменаў і абароны дыпломных прац, прыйшоў час сказаць любімаму каледжу «дзякуй».

Традыцыйна святочны вечар распачаўся ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў прэфект Духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Юрый Хіневіч. Гамілію да прысутных прамовіў дырэктар Катэхетычнага каледжа кс. Андрэй Рылка. Ён звярнуў увагу на тое, як важна заўсёды быць удзячнымі Богу. Асаблівы ў такі дзень варта падзякаваць за магчымасць быць разам і за сяброўства, за ўсіх людзей, якія даюць магчымасць плённа і прыемна займацца ў каледжы, і, канечне, за атрыманыя веды. Гэтыя веды ўзмацняюць нашую веру, але, як адзначыў кс. Андрэй, вера заўсёды павінна ісці ў нашым жыцці разам з любоўю, таму святар пажадаў ніколі не спыняцца на гэтым шляху.

Пасля літургіі ўдзельнікаў вечара чакаў святочны стол, за якім ні на хвіліну не спыняліся размовы. Кожны быў рады раздзяліць вячэру з тымі, хто стаў дарагім і блізкім за гэтыя гады.

Але ўсе самае цікавае было яшчэ наперадзе: студэнты першага і другога курса падрыхтавалі ў падарунак для сваіх старэйшых сяброў вясёлы вечар. Сёлета студэнты і госці каледжа прысутнічалі на своеасаблівым «размеркаванні» выпускнікоў. У каледж завіталі святыя-патроны з шасці парафій, якія з дапамогай конкурсаў і гульняў павінны былі выбраць катэхетаў у свае парафіі. Так, св. Аляксандр Рымскі выпрабоўваў выпускнікоў на спрыт, а св. Фаўстына Кавальская на працавітасць, св. Ігнацый Лаёла правяраў на кемлівасць, св. Юзаф — памяць, бл. Тэрэза Калькуцкая — гатоўнасць дапамагчы бліжняму, а св. Цэцылія выбірала тых, хто валодае найлепшай артыкуляцыяй.

Сюрпрызам для ўсіх прысутных стала выступленне сапраўдных фокуснікаў, якія не толькі дораць радасць сваім гледачам, але, у першую чаргу, праслаўляюць такім незвычайным чынам Бога, Які шчодра адарыў іх талентамі.

Скончыўся вясёлы вечар уручэннем жартаўлівых «накіраванняў» і падарункаў. 
Паводле catcollege.by
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.