16 чэрвеня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў удзел у святкаванні 15-годдзя кансэкрацыі касцёла ў Асавой і ў набажэнстве ў Століне з нагоды 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, пры якім былі адноўлены гэтыя парафіі.
“Многія дзесяцігоддзі вы і вашыя продкі ездзілі ў Пінск, дзе быў адзіны касцёл на ўвесь рэгіён, каб атрымаць сакрамэнты з рук кс. Казіміра Свёнтка, каб паслухаць Слова Божае, катэхізіс, - адзначыў біскуп, звяртаючыся да вернікаў парафій. - Ён быў духоўным правадніком па жыцці і паказваў накірунак да неба”.
“Сёння мы таксама сабраліся, каб падзякаваць Богу за кананізацыю святых Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ”, - дадаў іерарх. Па словах біскупа, “святому не толькі можам здзіўляццца - яго трэба наследаваць”.
"Святога Яна Паўла ІІ, як адзначыў пінскі ардынарый, можна наследаваць у яго эўхарыстычнай пабожнасці, у любові да моладзі і клопаце аб ёй, клопаце аб хворых, пашане да кожнага народа, барацьбе за мір у свеце. “Таксама і партыкулярны Касцёл у Беларусі праз яго пасрэдніцтва атрымаў добры імпульс да развіцця”, - дадаў іерарх.
Ян XXIII, па словах біскупа, “быў чалавекам, якога характарызавала радасць жыцця і веры ў Хрыста”. “Вера ў Хрыста, Збаўцу свету, прывяла да адкрыцця дзвярэй Касцёла і свету і да вялікіх культурных, палітычных і сацыяльных змен”, - нагадаў іерарх.
Біскуп пажадаў вернікам абедзвюх парафій, каб душпастырскія высілкі кардынала Казіміра Свёнтка прыносілі добрыя плёны, а заступніцтва святых Папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ дапамагалі “ўзрастаць у святасці і ўзорна выканаць тыя заданні, якія нам вызначыў Божы Провід”. (AG)
|