18 чэрвеня ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адбылася Імша на заканчэнне навучальнага года. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі іерарх, кажучы пра ролю святара, заўважыў: “Святар павінен памятаць аб тым, што ўсё жыццё ён на службе”. “Вядома, што ў гісторыі Касцёла многія забыліся аб гэтым, шукалі велічы на дарогах мітусні, значнасці і ў касцёльных пасадах. Але Хрыстус прыпамінае, што веліч і павага ў Касцёле дасягаецца бескарыслівым служэннем іншым”, - падкрэсліў пінскі ардынарый.
Біскуп адзначыў, што “трэба вучыцца служыць”, і час семінарыйнай фармацыі - гэта “час набыцця навыкаў, асабліва аскетычных, інтэлектуальных і душпастырскіх”. “Важна пашыраць тэалагічныя веды. Вельмі важна развіваць у сабе цноты і знявольваць заганы. Важна набываць душпастырскі вопыт”, - дадаў іерарх.
Па словах біскупа, “семінарыйныя высілкі павінны ісці ў такім накірунку, каб усё нам дапамагала служыць іншым”. “Святарства не атрымліваецца для сябе, для асабістых інтарэсаў і карысці, але святарскае паліканне - гэта Божы дар, дадзены канкрэтнаму чалавеку для дапамогі іншым”, - звярнуў увагу іерарх.
Звяртаючыся да навучэнцаў семінарыі, біскуп адзначыў: “Важна, каб маглі апанаваць у сабе такія негатыўныя пачуцці, як зайздрасць. Бо зайздрасць вядзе да крытыкі, а часам і далей - нават да жадання забойства, як бачым на прыкладзе Саула ў дачыненні да Давіда”.
“Тут, у семінарыі, і падчас летняй практыкі, у пілігрымках і на адпачынку трэба вучыцца цешыцца з дасягненняў іншых, - дадаў пінскі ардынарый. - Не параўноўвайма сябе з іншымі, бо гэта часта выклікае зайздрасць. Кожны з нас мае сваё месца, свае таленты. Гэтым трэба цешыцца і гэта трэба развіваць”.
Зараз у семінарыстаў пачынаецца час вакацый, які будзе разнастайным: ён прадугледжвае адпачынак у родным доме, літургічную практыку ў парафіях, удзел у моладзевых і дзіцячых акцыях і г. д.
(AG)
|