У Беларусі пачалася перэгрынацыя Сімвалаў Сусветнага дня моладзі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.06.2014 14:40 |
Вечарам 28 чэрвеня ў свята Маці Божай Берасцейскай моладзь Пінскай дыяцэзіі на памежным пераходзе «Варшаўскі мост» у Брэсце пераняла ад польскай моладзі адмысловыя крыж і абраз Маці Божай — сімвалы Сусветнага дня моладзі, якія пачалі перэгрынацыю ў нашай краіне. У 19.00 група маладых брэсцкіх вернікаў у нацыяльнальных касцюмах і адмысловых кашульках на руках унеслa на тэрыторыю Беларусі велічны крыж і абраз. Вельмі сімвалічна, што перадача гэтых знакаў прыпала на Брэст менавіта ў дзень, калі шматлікія мясцовыя вернікі і пілігрымы збіраюцца ў цэнтральным касцёле горада перад цудатворным і старадаўнім абразом Маці Божай Берасцейскай, Маці Выратавальніцы, які цудам захаваўся ў часы ліхалеццяў мінулых стагоддзяў і сёння на вачах тысяч вернікаў сведчыць не толькі пра багатую гісторыю Касцёла на Берасцейшчыне, але і пра няспыннае дзеянне Божай ласкі ў cучаснасці. Вернікі Брэста, грэка- і рыма-каталіцкага абрадаў, а таксама шматлікія пілігрымы з іншых парафій Пінскай дыяцэзіі доўгімі гадзінамі трывалі ў малітоўным чуванні каля цудатворнага абраза Маці Божай Берасцейскай, чакаючы моманту, калі да святыні прыбудзе крыж і абраз Сусветных дзён моладзі.Асаблівым выказам малітоўнага трывання была ўрачыстая святая Імша з нагоды свята Маці Божай, якую узначаліў Дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебраваў ардынарый Пінскай дыяцэзіі – Біскуп Антоній Дзям’янка. Ва ўступным слове Біскуп Антоній ўзгадаў, што гэты дзень сабраў у адно некалькі важных нагодаў. Гэта і свята Маці Божай Берасцейскай, і сустрэча сімвалаў Сусветнага дня моладзі, і святкаванне ў Брэсцкім рэгіёне Года Кардынала Свёнтка. Не менш важнай нагодай для радасці стала віншаванне біскупа Казіміра Велікасельца, які ў гэтым месяцы адзначае 30-годдзе святарскага служэння. Віншуючы юбілята,вернікі дзякавалі яму за гады ахвярнага служэння ў Брэсце як пробашча і як біскупа. На заканчэнне літургіі біскуп Антоній выказаў словы падзякі між іншым і прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу з Расіі, Украіны і Польшчы, якія таксама прынялі ўдзел у святкаванні. Пасля ўрачыстага ўнясення адмысловага крыжа і абраза Маці Божай — сімвалаў Сусветнага дня моладзі – распачалося ўсяночнае чуванне маладых вернікаў. Апоўначы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. Малітоўнае чуванне скончылася на світанні, калі памятны крыж і абраз вырушылі ў далейшы шлях па Беларусі. Кс.Андрэй Рылка
|