Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Пінскай катэдры прывіталі крыж і абраз Сусветнага дня моладзі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.06.2014 15:14 |
У нядзелю 29 чэрвеня ва Урачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла сімвалы сусветнага дня моладзі наведалі Пінскую катэдральную базыліку. Вернікі горада і наваколля, асабліва моладзь, ужо ад самай раніцы прабывалі ў малітоўным чуванні ў роднай катэдры, чакаючы прыбыцця памятных знакаў, якія перэгрынавалі да іх з Брэста. У 10.00 адбылося ўрачыстае ўнясенне крыжа і абраза Маці Божай у Пінскую базыліку, пасля чаго распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У гаміліі біскуп запрасіў сабраных паразважаць, чаму менавіта крыж быў прапанаваны Папам – святым Янам Паўлам ІІ — як сімвал сусветных сустрэч хрысціянскай моладзі. Іерарх заўважыў, што для кагосьці крыж можа быць знакам ганьбы і прыгнечанасці, але для вызнаўцы Езуса – гэта знак збаўлення і перамогі над злом. Таксама біскуп прывёў прыклад жыцця святых апосталаў Пятра і Паўла, заўважаючы па-чалавечы неверагоднае дзеянне Божага Провіду ў жыцці гэтых людзей, якіх так перамяніла сустрэча з Хрыстом. Пасля святой Імшы ўсе сабраныя вернікі разам са святарамі і біскупам Антоніем прайшлі ў Эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах Пінска. У малітоўным паходзе вернікі па чарзе неслі перэгрынуючую святыню — абраз Маці Божай «Salus Populi Romani». Пасля заканчэння ўрачыстай літургіі і працэсіі яшчэ доўгі час у Пінскай катэдры працягвалася ціхая малітва перад крыжам і абразом – сімваламі Сусветнага дня моладзі. Здавалася бясконцай чарга тых, хто жадаў дакрануцца і ўшанаваць вандруючыя па ўсяму свету рэліквіі. У той жа дзень у 16.00 памятны крыж і абраз вырушылі ў далейшы шлях па Беларусі. У Пінскай дыяцэзіі наступнымі прыпынкамі на малітоўнай дарозе гэтых сімвалаў сталі Мазыр і Гомель. У панядзелак 30 чэрвеня іх прынялі маладыя католікі Гомельшчыны. Кс. Андрэй Рылка |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.