6 ліпеня 2014 г. у парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах дзве сястры законныя з супольнасці Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і склалі падчас Імшы вечныя шлюбы. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Гамілію падчас Імшы прамовіў духоўны айцец сясцёр.
Для супольнасці, якая мае моцную сувязь з партыкулярным Касцёлам, гэтая падзея стала святам. Сёстры вядуць катэхізацыю ў парафіях, дапамагаюць хворым і патрабуючым, служаць у парафіях як арганісткі, сакрыстыянкі. Пры курыі Пінскай дыяцэзіі сястра з гэтай супольнасці многія гады выконвала абавязкі сакратаркі.
Біскуп пажадаў сёстрам, якія склалі ў гэты дзень вечныя шлюбы, каб супольнасць была для іх месцам, дзе яны знойдуць добрыя ўмовы, каб ісці за Хрыстом разам з іншымі сёстрамі, маючы адзіную мэту – здабыццё святасці, неба. Бо часамі найвялікшым цярпеннем з’яўляецца быць аднаму і цярпець у адзіноце; памылковым з’яўляецца ўцёк у адзіноту, спроба самому пераадольваць усе цяжкасці і складанасці жыцця. Таксама памылковым шлях - імкненне толькі сваімі сіламі вырашаць праблемы забеспячэння свайго жыцця і вечнасці. “Езус, якога вы выбралі, з'яўляецца вашым найлепшым сябрам. І Яму трэба даверыць усе свае цярпенні, цяжкасці і недасканаласці чалавечай натуры. І Ён вас умацуе і дадасць новых сіл”, - сказаў іерарх.
“Дарагія сёстры, вы абралі гэтую супольнасць, каб тут узрастаць у святасці, - звярнуўся да сясцёр біскуп. - Тут Езус будзе часта казаць вам: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя”. Гэта вельмі суцяшальны факт, што Бог хоча, каб мы са сваімі праблемамі прыходзілі да Яго з нашымі цяжкасцямі і слабасцямі, і абяцае, што ў Ім мы знойдзем палёгку для нашых душаў”.
“Памыляюцца тыя, хто рэдка прыходзіць да Яго, - дадаў пінскі ардынарый. - Часцей людзі робяць спробы наракаць і вырашаць справы без Яго ўдзелу. Таму жыццё здаецца часамі такім горкім, а цяжар - вельмі вялікім. І ёсць раны, якія вылечыць можа толькі Яго рука, і ёсць цяжары, якія можам несці толькі з Ім. Таму, зрабіўшы выбар жыць, маліцца, служыць Богу і бліжняму ў Супольнасці Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і паводле Статута, зацверджанага Апостальскім Пасадам, і далей упэўнена крочце з Ім па жыцці”. (AG)
|