6 ліпеня ў Гомелі прайшла працэсія Божага Цела, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Звычайна яна праходзіць у чэрвені, а ў Гомелі была перанесена з-за рамонту дарогі, па якой планавалася працэсія.
“Мы выйдзем на вуліцу з Целам Езуса Хрыста, каб Ён асвяціў гэты горад, вёў яго да большай духоўнасці. Мы выйдзем у знак падзякі Пану за тое, што Ён дае нам сябе самога, - адзначыў біскуп. - Для выратавання абавязкова патрэбна Божая любоў, а самую вялікую ласку мы атрымліваем тады, калі прыходзім у храм на споведзь, на службу і прымаем Камунію - Божае Цела”.
Па словах іерарха, працэсія Божага Цела сведчыць свету пра тое, што акрамя зямных справаў ёсць вышэйшая мэта жыцця – святасць. “Пан ператварае хлеб і віно ў свае Цела і Кроў, каб карміць нашу душу. І Хрыстус можа вылечыць не толькі душу, але і фізічнае цела”, - дадаў біскуп.
Працэсія, у якой прынялі ўдзел каля трохсот чалавек, прайшла па цэнтральнай вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. На прыпынках каля алтароў гучалі чытанні з Евангелля, вернікі маліліся за Гомель, Беларусь і ўвесь свет. Біскуп Казімір Велікаселец памаліўся таксама аб тым, каб у Гомелі панавалі мір і любоў, каб людзі паважалі адзін аднаго, каб Пан благаславіў сямейнае жыццё і працу парафіянаў, вучобу моладзі.
На заканчэнне іерарх падзякаваў удзельнікам працэсіі, работнікам міліцыі і «хуткай дапамогі», якія суправаджалі яе, і пажадаў усім Божага благаслаўлення.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта (AG) Фота гомельскага каталіцкага сайта
|