12 ліпеня 2014 г. у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах святкавалася 20-годдзе з часу пабудовы касцёла. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Падчас яе група вернікаў атрымала сакрамэнт канфірмацыі.
Звяртаючыся падчас Імшы да вернікаў, біскуп узгадаў, што парафія ў Ляхавічах мела мураваны касцёл ужо на пачатку ХVII стагоддзя. Але часы і розныя неспрыяльныя для касцёла ўмовы пазбаўлялі вернікаў святыні. Так стала і падчас Другой сусветнай вайны, пасля якой вернікі засталіся без святыні і без святара на доўгія дзесяцігоддзі. У гэты перыяд душпастырскую апеку над парафіяй здзяйснялі кс. прэлат Вацлаў Пянткоўскі, кс. Станіслаў Шаплевіч, кс. Станіслаў Рагоўскі.
На хвалі перабудовы вернікам, як нагадаў іерарх, не ўдалося вярнуць гістарычную святыню, якая надалей выкарыстоўвалася як раённы шпіталь. Таму парафіяльны актыў распачаў будаўніцтва новай святыні. Біскуп падзякаваў Божаму Провіду за кс. Тадэвуша Воласа, які разам з мясцовымі католікамі збудаваў касцёл, а таксама выказаў удзячнасць сённяшняму пробашчу кс. Станіславу Маленькаму.
“Тут, у святыні, здзяйсняюцца велічныя, неспасцігальныя для розуму чалавека рэчы, - адзначыў пінскі ардынарый. - Тут вернікі вучыліся славіць Эўхарыстычнага Хрыста. Тут вы праслаўляеце Божую Маці. Тут вы слухаеце Божае слова ў гаміліях, катэхезах, рэкалекцыях”. Іерарх падзякаваў святарам сэрцанам, якія служаць у мясцовай супольнасці, і заахвоціў маліцца “аб шматлікіх пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, каб не было недахопу ў слугах алтара, сейбітах Божага слова і адміністратарах святых сакрамэнтаў”.
Біскуп адзначыў, што гэты год з’яўляецца для Пінскай дыяцэзіі асаблівым, бо святкуецца 100-годдзе нараджэння першага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтка. “Гэта ён даў дазвол на пабудову гэтага касцёла, зацвердзіў праект і, напэўна, многім дапамагаў вам”, - сказаў іерарх і заклікаў вернікаў маліцца аб вечным супакоі “для гэтага руплівага душпастыра, сведка веры, вязня ГУЛАГу, які на хвалях перабудовы ўзнавіў дзейнасць большасці парафій дыяцэзіі”. “Мы праз служэнне гэтага святара адчуваем моц Духа Святога, якая дзейнічае ў Касцёле”, - дадаў пінскі ардынарый. Звяртаючыся да вернікаў, якія прымалі ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, біскуп нагадаў, што сакрамэнты дапамагаюць “на дарозе да святасці, да поўнай лучнасці з Богам Айцом, Сынам і Духам Святым”.
Іерарх узгадаў таксама пра дары Духа Святога, якія атрымліваюць вернікі ў сакрамэнце канфірмацыі, каб “мець унутраную сілу заўсёды, каб выбіраць дабро, а не зло, бо калі выбіраем зло, то нішчым самі сябе, а калі выбіраем дабро, то становімся благаслаўлёнымі, шчаслівымі”.
Біскуп пажадаў, каб гэты сакрамэнт дапамог вернікам “на шляху да сталасці веры, да здольнасці жыць з Богам”, заахвоціў іх “карыстацца гэтай ласкай асаблівай прысутнасці Духа Святога”. (AG)
|