16 ліпеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, парафія Маці Божай Шкаплернай у Палонцы (Баранавіцкі дэканат) адзначала сваю ўрачыстасць. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Іерарх нагадаў у гаміліі, што ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль – Маці Божай Шкаплернай - мае непасрэдную лучнасць з кармэлітанскай супольнасцю. Біскуп прывёў гісторыю гэтай супольнасці і распавёў пра шкаплер і яго значэнне.
Таксама пінскі ардынарый звярнуў увагу на словы Езуса ў Евангеллі: “Хто выконвае волю Айца Майго, які ў небе - той Мне брат, сястра і маці”. “Калі мы хочам быць Яго раднёй, то павінны выконваць волю Айца, - адзначыў біскуп. - Яна можа быць цяжкай, як для Марыі. Калі Яна цярпела пад крыжам, то была абвешчана Маці Касцёла”. Па словах іерарха, усё жыццё Маці Божай – “пацвярджэнне таго “fiat”, якое Яна прамовіла падчас Звеставання”.
Біскуп падкрэсліў, што дарога да дасканаласці ідзе праз малітву, але “выгоднае жыццё не можа ісці ў пары з малітвай, поўнай адданасці Богу, таму неабходна ахвярнасць і самотнасць”. Таму, па словах іерарха, карэмлітанская духоўнасць спалучае засяроджанасць, самотнасць і практыкаванне аскезы: “праз барацьбу з эгаізмам і цялеснай чуласцю пачуцці сцішаюцца і ачышчаюцца, пачынаецца развіццё цнотаў, якія і ствараюць святасць”.
Іерарх нагадаў таксама, што той, хто прымае шкаплер, “асаблівым чынам паступае ў распараджэнне Маці Божай, Касцёлу”: з аднаго боку такі чалавек "знаходзіцца ў пастаяннай апецы Маці Божай не толькі на працягу жыцця, але таксама ў хвіліну пераходу ў вечнасць, а з другога боку набажэнствы не могуць абмяжоўвацца толькі да выказвання пашаны Ёй, але павінны ўтвараць хабіт - стыль жыцця, заснаваны на малітве, сакрамэнтальнай практыцы і канкрэтных учынках адносна душы і цела”.
Пінскі ардынарый пажадаў вернікам, каб гэтая парафіяльная ўрачыстасць паглыбіла іх лучнасць з Марыяй, схіліла іх да выканання Божай волі. (AG)
|