Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах адбыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў руху «Equipes Notre-Dame»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.08.2014 13:59

З 1 па 3 жніўня 2014 г. у Баранавічах адбыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў руху “Equipes Notre-Dame”. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі сужэнствы з Брэсцкай і Мінскай абласцей.

Рэкалекцыі былі вельмі насычанымі: яны ўключылі канферэнцыі, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, далі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і прыняць удзел у Эўхарыстыі.

Уражаннямі дзеляцца сем’і, якія былі на рэкалекцыях упершыню:

Іна і Віктар Ігнаценкавы:

“На рэкалекцыі з’ехаліся сем’і рознага ўзросту з розных куточкаў нашай роднай Беларусі. Дарослыя і дзеці ўсе дні былі разам і за кароткі час сталі адной дружнай сям’ёй. Мы ўдзячныя Богу за знаёмства з гэтымі сем’ямі, якія далі нам прыклад і ўзор веры, добразычлівых адносін, любові.

На сустрэчах мы духоўна ўзрасталі разам з ксяндзом Пятром з Нясвіжа, пачулі ад яго грунтоўныя адказы на хвалюючыя нас пытанні.

У праграмме рэкалекцый былі прадугледжаны канферэнцыі, на якіх разглядаліся вельмі важныя пытанні дзеля таго, каб правільна будаваць адносіны паміж мужам і жонкай, як правільна выхоўваць дзяцей згодна з воляй Бога. Было вельмі цікава пазнаёміцца з вопытам іншых сем’яў, пачуць, як яны вырашаюць свае сямейныя праблемы, як выхоўваюць сваіх дзяцей. Менавіта на рэкалекцыях мы зірнулі на сваю сям’ю з іншага боку, убачылі свае памылкі і цвёрда пастанавілі выправіць свае недахопы.

Сям’я – гэта падмурак нашай дзяржавы, і калі ў нас гэты сямейны рух будзе ўзрастаць, мы верым - наша краіна ў бяспецы.

Мы будзем з нецярпеннем чакаць і шукаць новых такіх сустрэч.

Дзякуем усім тым, хто арганізоўваў рэкалекцыі для нас, а таксама тым, хто наогул стварыў гэты рух, бо справа гэтых людзей – справа рук Божых”.

Вольга і Аляксандр Хараўцы:

“Гэта былі тры захапляльныя дні, праведзеныя ў коле цудоўных сужэнскіх пар. Вельмі прыемна было, што з намі знаходзіліся нашы дзеткі, для іх усё было прадугледжана. На праведзеных канферэнцыях мы шмат разважалі аб тым, як паводзіць сябе, як мудра паступаць у адносінах адзін да аднаго, а таксама да дзяцей.

Мы размаўлялі пра прысутнасць Бога ў нашых сем’ях, пары дзяліліся сваімі перажываннямі і вопытам. Сяброўская атмасфера стварала ўражанне, быццам ўсе мы адна вялікая сям’я... Усе казалі, што калі б не рух “Equipes Notre-Dame”, нічога гэтага не было б, і гэта – абсалютная праўда! Цяпер з новымі сіламі і з сэрцамі, напоўненымі Богам, нашмат лягчэй ісці ўперад, па шляху жыцця! Дзякуй!”

Варта адзначыць, што кожная сям’я мела магчымасць выказацца па тэме рэкалекцый. Было адзначана, што хрысціянскія сем’і патрабуюць духоўнага развіцця, імкнуцца ўмацоўваць сваю веру, адчуць прысутнасць Езуса ў сваім сэрцы і ў сваей сям'і. Менавіта гэтаму садзейнічалі рэкалекцыі “Сцяг сям’і – каханне!” - час разважання, адпачынку, паглыблення ведаў пра Бога.

Як прызналіся ўдзельнікі рэкалекцый, час, праведзены з Богам, праляцеў імгненна і раз'язджацца было крыху сумна. Удзельнікі, між іншым, удзячныя арганізатарам рэкалекцый кс. Пятру Шарко, Ігару і Алене Камлач, Францу і Алене Доўнар, а таксама кс. Андрэю Сіповічу, кс. Паўлу Врубелю за ўдзел у духоўных практыкаваннях і Уладзіславу з Магілёва за сакрэты шчаслівага хрысціянскага жыцця.

Паводле www.end.of.by

(AG)

 

Фота www.end.of.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.