6 жніўня 2014 г. у парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) святкавалася адпустовая ўрачыстасць. У парафію прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў святую Імшу.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп нагадаў між іншым пра важнасць малітвы ў жыцці хрысціяніна. “Малітва з’яўляецца крыніцай дабра і зямнога шчасця. Калі мы бедныя, пазбаўленыя святла і Божай ласкі, то наша віна ў тым, што не молімся альбо кепска молімся”, - адзначыў іерарх і прапанаваў парафіянам задумацца над тым, ці прыстунічае ў іх жыцці малітва і якая яна. Нагадваючы, што ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя з часу фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай 2014 год аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Годам малітвы, біскуп дадаў, што да паглыблення малітвы заклікае вернікаў парафіі і гэтае свята.
Узгадваючы пра тое, як Хрыстус паклікаў траіх сваіх вучняў на Гару Перамянення, іерарх заўважыў: “Пан таксама і нас кліча на Гару Перамянення. Кожнага - на сваю”. Перамяненне, да якога закліканы хрысціяне, датычыць, як патлумачыў біскуп, трох сфераў – думак, мовы і ўчынкаў.
Па словах пінскага ардынарыя, “Хрыстус нас заклікае, каб мы думалі так, як Ён”, “вучыць нас і аб правільным успрыманні свету і нашых адносінах да яго”; “важная перамена павінна адбывацца таксама ў сферы нашай мовы: як я звяртаюся да іншых? Ці гэта мова праўды? Ці ў адказах чутно тваё перакананне, ці няма фальшу? Ці гэта мова сэрца, любові?”; “са зменамі нашай мовы, думак павінны ісці змены ў нашых паводзінах”, а “супрацоўнічаючы з Божай ласкай, можна выйсці з кожнай складанай грахоўнай сітуацыі”.
Такія змены, па словах біскупа, вельмі важныя і неабходныя, бо кожны – “асоба, умілаванае дзіця Бога”, і гэтыя змены “залежаць ад нас асабіста: мы можам даваць пачатак і кантраляваць працэс дзякуючы нашай волі і Божай ласцы, аб якой трэба заўсёды прасіць”.
Іерарх дадаў таксама, што ў жніўні Касцёл на Піншчыне звяртае асаблівую ўвагу на паўстрыманасць ад алкагольных напояў - гэта дабравольна прыняты абавязак і магчымасць практыкавання цноты паўстрыманасці.
Як адзначыў біскуп, асаблівае месца духоўных зменаў – святыня, дзе “Хрыстус ператварае нас у новых, у лепшых людзей, ператварае сваім словам і ласкай”. Пінскі ардынарый пажадаў католікам Новай Мышы, каб дарогі іх жыцця “як найчасцей праходзілі праз гэтую велічную гару Табор, якою з’яўляецца парафіяльная святыня, дзе мы на кожным набажэнстве сустракаемся з жывым Хрыстом”. (AG)
|