«Тыдзень без абортаў» пройдзе ў верасні ў медустановах Гомеля |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
13.08.2014 14:02 |
Рэспубліканская акцыя «Разам у абарону жыцця», або «Тыдзень без абортаў», хутка пачнецца ў Гомельскай вобласці. Як паведамілі ва Упраўленні аховы здароўя аблвыканкама, плануецца, што ў верасні акцыя пройдзе ў медустановах Гомеля, а пазней - у раёнах вобласці.
Дакладныя даты плануецца назваць у канцы жніўня. Да канца года акцыя, якая прадугледжвае адмову
на тыдзень ад правядзення абортаў, пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
У акцыі мяркуецца ўдзел актывістаў грамадскага аб'яднання «Выратаванне немаўлятаў», а таксама прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, якія будуць інфармаваць жанчын аб фізіялагічных, псіхалагічных і духоўных наступствах аборту.
Мерапрыемства накіравана на фарміраванне станоўчага стаўлення моладзі да цяжарнасці, усвядомленага мацярынства і бацькоўства. Тыдзень без абортаў не парушае правы жанчыны; гэта тыдзень цішыні, які дае жанчыне магчымасць добра падумаць і прыняць рашэнне. Аднак акцыя не распаўсюджваецца на тыя сітуацыі, калі аборт неабходна тэрмінова правесці па медыцынскіх паказаннях.
У 2013 годзе ў Беларусі нарадзілася 118 тысяч дзяцей - самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта
(AG)
|