З 8 па 12 жніўня 2014 г. у Баранавічах праходзілі рэкалекцыі для старэйшых школьнікаў, арганізаваныя сёстрамі Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, у якіх прынялі ўдзел 17 дзяўчын. Падчас рэкалекцый удзельніцы разважалі над шляхам святога Пятра.
Ролю арганізатара ўзяла на сябе сястра Уладзіміра Лявоцкая MSF, якая падчас адарацый накіроўвала дзяўчын на малітоўныя думкі. Раніцай дыякан Віктар Жук SJ праводзіў канферэнцыі з ігнацыянскімі практыкаваннямі, падчас якіх можна было жыва і рэалістычна ўявіць урывак з Евангелля. Дапаможным аніматарам быў Кірыл Арлёнак.
Адчуць сябе мастакамі дапамагала моладзі сястра Рыта Халявінская MSF. На першым майстар-класе ўдзельніцы навучыліся тэхніцы арт-малюнка. Кожная з іх мела магчымасць выявіць сваю душу на паперы з дапамогай фарбаў. Тэмай малюнка стаў урывак са Святога Пісання пра хаджэнне па вадзе. Другі майстар-клас даваў магчымасць авалодаць навыкамі квілінгу. Перад удзельніцамі была пастаўлена мэта адлюстраваць гронку вінаграду, дзе кожная ягада азначала наш дар, якім мы дзелімся з іншымі.
Для многіх удзельніц кульмінацыяй рэкалекцый стаў майстар-клас па бібліядраме. Дзяўчыны змаглі ўявіць сябе на месцы аднаго з герояў урыўку Евангелля.
Своеасаблівым гімнам рэкалекцый стала песня гурта “Хілсонг” “Акіяны”. Большасць чула яе ўпершыню, але пад канец усе спявалі на памяць.
Моладзь падзялілася сваімі ўражаннямі:
“Цудоўна было адчуваць, што разам з табой Бога шукаюць усе ўдзельнікі. Стварыць такую атмасферу, у якой пачуць прысутнасць Бога вельмі проста, дапамагло асяроддзе: жаночы кляштар, цішыня, дапамога аніматараў і ўдзельнікаў, уласнае жаданне адкрыцця Бога ў маім жыцці, размова з Ім, - усё гэта дапамагло адкрыць штосьці новае. Увесь час рэкалекцый быў незвычайным, а менавіта канферэнцыі і адарацыі. Падчас індывідуальнай малітвы адчуваўся дыялог з Богам”.
“Рэкалекцыі ў Баранавічах прайшлі вельмі насычана. Падчас іх мы заўсёды чаму-небудзь вучыліся. На канферэнцыях дыякана Віктара мы вучыліся індывідуальнай малітве і сустрэчы з Езусам праз Святое Пісанне. Падчас майстар-класаў, якія праводзіла сястра Рыта, мы вучыліся не толькі маляваць і круціць квілінг, але і заўважаць плады ў нашым жыцці. Вельмі цікавым быў майстар-клас па бібліядраме, які праводзіў дыякан Віктар. Падчас яго мы маглі адчуць сябе апосталамі і праз гэта больш зразумець Евангелле. Адарацыі, якія праводзіла сястра Уладзіміра, давалі нам магчымасць заканчваць кожны дзень з Езусам і адчуваць Яго прысутнасць сярод нас”.
“Мы адчувалі сябе вялікай сям’ёй! Дыякан Віктар – тата, сястра Уладзіміра – мама, сястра Рыта – старэйшая сястра, Кірыл – брат, а мы – дзеці”.
“Для мяне гэтыя рэкалекцыі былі самымі малітоўнымі ў жыцці. Аніматары падштурхоўвалі да малітвы над усім, што мы рабілі. Малюеш – спытай у Езуса, як гэта раскрывае цябе, глядзіш фільм – паразважай, як ён звязаны з тваім духоўным жыццём, намагаешся скруціць гронку вінаграду – падумай, якія дары ты маеш. Гэтая несціханая малітва настолькі адкрыла мяне на Духа Святога, што пазней мне стала ажно страшна, як Яго захаваць ува мне і як з Ім жыць!”
“У канцы рэкалекцый мяне перапаўняла пачуццё вялікай удзячнасці за магчымасць прыехаць сюды. Гэтыя рэкалекцыі дапамаглі разабрацца ў сваіх думках, пачуццях. Прыехала шмат сапраўды веруючых і адкрытых людзей, з якімі мы паспелі пасябраваць за пару дзён. Таму запрашаю ў наступным годзе да нас”.
Многія ўдзельніцы рэкалекцый ад’язджалі са слязьмі на вачах, сумуючы, што гэтыя насычаныя дні прайшлі хутка. (AG)
|